Паліцыянты Польшчы правялі рэйды ў жаночых арганізацыях

Акцыя пратэсту жанчын у Варшаве, 1 кастрычніка 2016 году (архіўнае фота)

Паліцыя Польшчы правяла рэйды ў офісах жаночых праваабарончых арганізацый пасьля таго, як жанчыны зладзілі антыўрадавыя маршы супраць абмежавальнага заканадаўства аб абортах. Паліцыянты канфіскавалі кампутары і дакумэнты. Пра гэта паведамляе The Guardian.

Рэйды прайшлі ў Варшаве, Гданьску, Лодзі і Зялёнай Гуры. Паліцыянты правяралі арганізацыі «Цэнтр правоў жанчын» і Baba, якія дапамагаюць ахвярам сямейнага гвалту. Абедзьве арганізацыі ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту жанчын на гэтым тыдні.

Прадстаўнікі жаночых праваабарончых арганізацый заявілі, што дзеяньні паліцыі абцяжарваюць працу, і абвінавацілі польскія ўлады ў спробах запалохваньня. Пракуратура Польшчы пры гэтым заявіла, што рэйды ніяк не зьвязаныя з акцыямі пратэсту. Паводле пракурораў, яны выяўляюць магчымыя правапарушэньні ў міністэрстве юстыцыі пры ранейшым урадзе. Тады міністэрства фінансавала жаночыя праваабарончыя арганізацыі.

У пачатку тыдня ў Польшчы прайшла акцыя пратэсту ў абарону правоў жанчын. Акцыя прайшла ў гадавіну «чорнага пратэсту», асноўным патрабаваньнем якога было недапушчэньне забароны абортаў. Сёлета ўдзельнікі акцыі зьбіралі подпісы пад праектам закону, які пашырае доступ да кантрацэпцыі і сэксуальнай адукацыі.

У 2016 годзе ўлады Польшчы разглядалі законапраект, аўтары якога прапаноўвалі ўвесьці штрафы і крымінальную адказнасьць за аборты для жанчын і лекараў. Разгляд законапраекту выклікаў масавыя акцыі, якія атрымалі назву «чорны пратэст». Празь некалькі дзён сэйм адхіліў законапраект. Удзельнікі гэтага пратэсту асьцерагаюцца, што законапраект зможа паўторна трапіць на разгляд сэйму.