На дзень нараджэньня Пуціна расейская апазыцыя ладзіць антыўрадавыя акцыі ў 80 гарадах

7 кастрычніка, у дзень нараджэньня прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна (яму споўніцца 65 гадоў), апазыцыйны палітык Аляксей Навальны заклікаў жыхароў Расеі выйсьці на акцыі масавага пратэсту ў розных гарадах.

Сам палітык на акцыю выйсьці не зможа, бо знаходзіцца ў зьняволеньні. Навальны адбывае 20-дзённы адміністрацыйны арышт за «неаднаразовыя заклікі да ўдзелу ў няўзгодненым публічным мерапрыемстве».

Разам зь ім на 20 сутак асудзілі і кіраўніка яго перадвыбарчага штабу Леаніда Волкава, які на знак пратэсту абвясьціў галадоўку.

5 кастрычніка ў штабах і на кватэрах сяброў «Адкрытай Расеі» прайшлі ператрусы. У гарадах Расеі працягваецца ціск на патэнцыйных удзельнікаў акцый пратэсту.

Аднак, як паведамляецца на сайце палітыка, у 80 расейскіх гарадах, дзе былі адкрыты штабы Навальнага, пройдуць пікеты, да якіх заклікаюць далучыцца ўсіх ахвотных са сьцягамі Расеі.

Галоўны мітынг пройдзе ў Санкт-Пецярбургу на Марсавым полі, нягледзячы на тое, што ўлады адмовіліся ўзгадняць месца акцыі. У штабе Навальнага заявілі, што адказ гарадзкой адміністрацыі не атрымалі ў вызначаны тэрмін, таму акцыя лічыцца ўзгодненай.

«Мы выдатна разумеем, што менавіта для яе прадухіленьня і зробленая ўся гэтая клаўнада з „судамі“», — гаворыцца ў паведамленьні.

Улады Масквы не задаволілі першапачатковую заяўку на мітынг на Пушкінскай плошчы без прадстаўленьня альтэрнатыўнага месца або часу. Таму апазыцыянэр заклікае выйсьці на Цьвярскую — «у поўнай адпаведнасьці з пастановай Канстытуцыйнага суду Расеі», як піша ён. Улады таксама адхілілі заяўкі ў іншых месцах Масквы на акцыі 7-8 кастрычніка, у тым ліку на праспэкце акадэміка Сахарава.

Сярод асноўных патрабаваньняў Навальнага:

  • забясьпечыць палітычную канкурэнцыю ў Расеі,
  • дапусьціць на прэзыдэнцкія выбары самога Навальнага і любога іншага кандыдата, які ў адпаведнасьці з законам зьбярэ звыш 300 000 подпісаў у сваю падтрымку.

«Кажыце ўсім вакол аб тым, што бясконцыя незаконныя арышты асноўнага канкурэнта Пуціна на выбарах і атакі на яго штаб — гэта ня тое, як павінна праходзіць выбарчая кампанія. 7 кастрычніка — гэта дзень, калі мы паспрабуем сказаць гэта разам, адкрыта і проста. Бручкавы прафэсар Пуцін хай пачуе гэта і ідзе ўжо на заслужаную пэнсію. Ён быў ва ўладзе 18 гадоў, гэтага дастаткова», — адзначыў Навальны ў звароце на сваім сайце.

Тым часам паліцыя запрасіла ва ўладаў Санкт-Пецярбургу 20 аўтобусаў, каб прыгнаць іх да Марсава поля 7 кастрычніка, паведамляе "Фонтанка". Марсава поле 5 кастрычніка закрылі для наведнікаў з прычыны месячніка добраўпарадкаваньня, які будзе цягнуцца два дні.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International выступіла ў падтрымку Аляксея Навальнага і Леаніда Волкава і заклікала «неадкладна і безумоўна» вызваліць абодвух арыштаваных. Таксама Amnesty International назвала акцыяй застрашваньня праведзеныя ўладамі масавыя ператрусы ў «Адкрытай Расеі».

На мінулай усерасейскай антыкарупцыйнай акцыі, якая прайшла 12 чэрвеня, па ўсёй Расеі было затрымана больш за 1700 чалавек.