Журналістку аштрафавалі за здымкі сустрэчы Алексіевіч з аднаклясьнікамі

Ларыса Шчыракова

Незалежную журналістку з Гомля Ларысу Шчыракову 5 кастрычніка судзьдзя Петрыкаўскага раёну Андрэй Багданік аштрафаваў на 30 базавых велічыняў (690 рублёў).

Чарговую справу на журналістку завялі за сюжэт на тэлеканале «Белсат» пра візыт нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч у родную школу ў мястэчку Капаткевічы.

У аснову адміністрацыйнай справы пакладзены міліцэйскі пратакол.

Судзьдзя вырашыў, што журналістка парушыла частку 2 артыкула 22.9 КаАП — незаконны выраб прадукцыі для замежнага СМІ без акрэдытацыі.

Капаткевіцкую сярэднюю школу выбітная зямлячка, пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч скончыла ў 1965 годзе, а яе сустрэча з аднаклясьнікамі адбылася сёлета ў жніўні. Ніводзін з афіцыйных беларускіх тэлеканалаў не зацікавіўся сустрэчай. Пра яе распавёў незалежны тэлеканал «Белсат», скарыстаўшы відэаздымкі Шчыраковай.

Шчыракову выклікаюць у міліцыю за таблічку «Я — нячэсны журналіст»

«Пратаколамі, штрафамі, запускамі зьняважлівых матэрыялаў у сацсетках спэцслужбы імкнуцца абмежаваць усякія стасункі зь «Белсатам» як альтэрнатыўным тэлебачаньнем, выжываюць з прафэсіі. Заўтра, напрыклад, мяне выклікаюць у Чыгуначны РАУС за тое, што на мінулым тыдні ў суд Гомельскага раёну прыйшла з таблічкаю на шыі „Я — нячэсны журналіст“», — сказала Службе маніторынгу БАЖ Ларыса Шчыракова.

За супрацоўніцтва зь «Белсатам» і асьвятленьне маршу «недармаедаў» сёлета журналістку Шчыракову штрафавалі сем разоў — агулам на 4776 рублёў.

У верасьні ў Петрыкаве судзьдзя Багданік аштрафаваў за відэасюжэты на «Белсаце» і двух іншых фрылансэраў — Кастуся Жукоўскага і Андрэя Толчына, кожнага на 1150 рублёў.

А ўсяго сёлета суды Гомельскай вобласьці штрафавалі незалежных журналістаў на падставе міліцэйскіх пратаколаў 23 разы. Агульная сума штрафаў склала 18591 рубель.