Зьявілася відэа з двума «расейскімі грамадзянамі», захопленымі ў Сырыі

Эпізод сырыйскай вайны: уцекачы з Дэйр-Эз-Зору на ўскраіне гораду Рака, 2 кастрычніка 2017

Падкантрольнае тэрарыстычнай групоўцы «Ісламская дзяржава» агенцтва «Амак» апублікавала відэа, на якім зазьнятыя нібыта захопленыя расейскія вайскоўцы. Пра гэта паведаміла «Лента.ру».

Адзін з двух чалавек у кадры прадстаўляецца Забалотным Раманам Васільевічам, называе год і месца свайго нараджэньня і паведамляе, што быў узяты ў палон пры контранаступленьні джыгадыстаў ў раёне сырыйскага пасёлку Шуля. Ён называе імя і другога мужчыны, які прысутнічае ў кадры: «Сурканаў Грыгоры Міхайлавіч», які на апублікаваным відэа так і ня вымавіў ніводнага слова. На тварах у абодвух прыкметныя сьляды зьбіцьця.

Пра гібель расейскага вайскоўца і ўзяцьця ў палон тэрарыстамі яшчэ дваіх у сырыйскай правінцыі Дэйр-эз-Зор агенцтва «Амак» паведаміла 28 верасьня. Расейскае міністэрства абароны абвергла гэтыя зьвесткі. Прадстаўнік авіябазы Хмэймім заявіў тады, што ўсе расейскія вайскоўцы, што знаходзяцца ў Сырыі, жывыя, здаровыя і «выконваюць пастаўленыя задачы».