Гантсман раней быў губэрнатарам штату Юта і мае вялікі дыпляматычны досьвед — акрамя Кітаю, ён таксама працаваў паслом у Сынгапуры.
Сэнат зацьвердзіў ягоную кандыдатуру аднагалосна безь якіх-небудзь дэбатаў. Зацьвярджэньне адбылося ў час, калі некалькі камісій Кангрэсу расьсьледуюць сьцьвярджэньне, што Расея спрабавала паўплываць на леташнія прэзыдэнцкія выбары ў ЗША.
57-гадовы Гантсман заявіў у гэтым месяцы, што «няма ніякіх сумневаў, што расейскі ўрад умяшаўся ў выбары ЗША летась, і Масква працягвае ўмешвацца ў дэмакратычныя працэсы нашых сяброў і саюзьнікаў». Дыплямат сказаў заканадаўцам, што ён ня будзе вагацца нагадваць расейскім чыноўнікам пра іх адказнасьць за свае дзеяньні.
Ён таксама заявіў, што ў выпадку прызначэньня будзе прасоўваць у Расеі амэрыканскія інтарэсы, сярод якіх ёсьць і аднаўленьне цэласнасьці Ўкраіны. Але, дадаў ён, у Вашынгтону няма іншага выбару, як узаемадзейнічаць з Расеяй, спрабуючы вырашыць глябальныя крызісы ў Сырыі, Паўночнай Карэі ды іншых рэгіёнах.