Для накруткі рэйтынгу фільму «Крым» узламалі тысячы карыстальнікаў парталу «Кинопоиск»

Больш як 50 тысяч акаўнтаў карыстальнікаў сайту рэкамэндацый «Кинопоиск» узламалі дзеля паляпшэньня рэйтынгу фільму «Крым» Аляксея Піманава, паведаміла ў сваім фэйсбуку галоўны рэдактар ​​сэрвісу Лізавета Сурганава.

«Сёньня раніцай фільм меў 70 тысяч адзнак аб чаканні і рэйтынг 62%. Цяпер, калі мы выдалілі ўсе скампрамэтаваныя адзнакі, іх засталося 17 тысяч, а агульны рэйтынг упаў да 21%», — напісала яна.

Гэта ня першы выпадак, калі на «Кинопоиске» з дапамогай масавых узломаў павялічваюць рэйтынг чаканьня расейскага фільму. Раней напады праводзіліся дзеля «Мафіі: Гульні на выжываньне» і «Галасы вялікай краіны». Абедзьве стужкі зьнятыя студыяй Enjoy Movies.

Фільм «Крым» зьняў прэзыдэнт медыяхолдынгу міністэрства абароны Расеі «Красная звезда», вядучы шоў «Человек і закон» на расейскім Першым канале Аляксей Піманаў. Ён выкладае расейскую вэрсію падзеяў падчас анэксіі Крыму. Бюджэт фільму — 400 млн. рублёў.

Перадпрэм’ерны паказ фільму адбыўся напярэдадні ў Крамлі. Відэа з залі апублікавала актывістка ультраправага руху НОД Марыя Катасонава.