У цэнтры Менску высякаюць дрэвы, якія ўзімку ратуюць сотні птушак

Высечка дрэваў на вуліцы Камсамольскай, Менск

«У мяне на зімовых уліках да 300 птушак! Тут жа ў цэнтры больш няма дзе ім карміцца! Увогуле не засталося дрэваў!» — жыхары аднаго з дамоў па вуліцы Камсамольскай у Менску абураныя высяканьнем дрэваў у іхным двары.

Людзі кажуць, што высечка дрэваў, многія зь якіх растуць у двары па некалькі дзясяткаў гадоў, пачалася нечакана. Цяпер яны спрабуюць выратаваць хаця б тыя дрэвы, якія яшчэ не пасьпелі выразаць.

«Мы выходзім ранкам у двор, а тут зелянбуд высякае дрэвы», — расказваюць менчукі. — Ані дакумэнтаў, ані дазволу. Толькі майка з надпісам «Зеленстрой». Нічога не абгароджана!»

Жыхары дома кажуць, што, паводле заканадаўства, пра пляны работ у двары іх мусілі папярэдзіць за 3 дні, правесьці грамадзкае абмеркаваньне. Аднак нічога гэтага зроблена не было. Нават дакумэнты на высечку, якая ўжо адбылася, людзям паказалі толькі праз гадзіну і на іхнае патрабаваньне.

Жыхары спрабуюць выратаваць хаця б адно дрэва

«Мы не перакананыя, ці гэтыя праект цалкам узгоднены, — кажуць жыхары дома. — Тут маюць весьці цеплатрасу. Але ж можна зрабіць гэты праект так, каб захаваць дрэвы!»

Цяпер жыхары дома спрабуюць выратаваць сваю «сакуру» — алычу, якая ўзімку ратуе ад голаду сотні птушак.

Распавядае жыхарка дома Ганна Трафімчук, дырэктарка ў праблемах разьвіцьця ГА «Ахова птушак бацькаўшчыны»:

Ганна Трафімчук, дырэктарка па разьвіцьці арганізацыі "Ахова птушак бацькаўшчыны"

«Мы ўжо калі выйшлі, тыя дрэвы былі сьпілаваныя. А на гэтую алычу я расплакалася, сказала „ня дам“, і яе пакінулі. Прыйшлі праектанты, хадзілі тут і сказалі, што падумаюць, можа, можна гэтую цеплатрасу па-іншаму пракласьці».

Ганна кажа, што на гэтым дрэве зьбіраецца шмат розных відаў птушак — сініцы, зелянушкі, дубагаловікі, гілі.

«У мяне на зімовых уліках тут да 300 птушак. Тут жа ў цэнтры больш няма дзе карміцца, увогуле няма дрэваў», — кажа дзяўчына.

Супрацоўнікі «Мінскзелянбуду», якія праводзяць працы ў двары, ад камэнтароў катэгарычна адмовіліся. Ніводзін з тэлефонаў гэтай арганізацыі не адказвае, маўчаць і тэлефоны ЖКГ Цэнтральнага раёну г. Менску.