Ірацкія курды пераважнай большасьцю прагаласавалі за незалежнасьць на рэфэрэндуме

Курды адзначаюць вынікі рэфэрэндуму.

Паводле дадзеных выбарчай камісіі Курдыстану, 92,73% выбарнікаў, якія ўзялі ўдзел у рэфэрэндуме, аддалі свае галасы за незалежнасьць гэтай аўтаномнай тэрыторыі.

7,27% выступілі супраць, паведамляе ВВС.

Усяго ў рэфэрэндуме ўзялі ўдзел каля 3,3 мільёна чалавек, гэта прыкладна 72% выбарнікаў.

Лідэр ірацкіх курдаў Масуд Барзані заявіў, што вынікі галасаваньня не прывядуць да неадкладнага абвяшчэньня незалежнасьці, але павінны адкрыць дзьверы для перамоваў.

Курдзкія лідэры перакананыя ў тым, што зараз у іх ёсьць мандат на вядзеньне перамоваў з Багдадам аб аддзяленьні.

Рэфэрэндум выклікаў жорсткую крытыку ірацкага ўраду і суседніх з Іракам краінаў. Багдад да апошняга моманту патрабаваў яго адмены.

«Рэфэрэндум павінен быць адменены. Неабходна пачаць дыялёг у рамках канстытуцыі. Мы ніколі не ўступім у перамовы па выніках рэфэрэндуму», — заявіў напярэдадні галасаваньня прэмʼер-міністар Іраку Хайдэр Абадзі.

«Мы ўсталюем ірацкія законы па ўсёй тэрыторыі Курдыстану ў адпаведнасьці з канстытуцыяй», — паабяцаў ірацкі прэмʼер, выступаючы перад членамі парлямэнту. Ірацкі парлямэнт заклікаў урад краіны накіраваць войскі ў Курдыстан, каб узяць пад свой кантроль найважнейшыя нафтавыя радовішча на курдзкай тэрыторыі.

Іракскія ўлады запатрабавалі ад замежных урадаў зачыніць свае дыпляматычныя місіі ў Арбіл, сталіцы Курдыстану.

Новы ваенны канфлікт?

Многія асьцерагаюцца, што рэфэрэндум у ірацкім Курдыстане прывядзе да новага рэгіянальнага канфлікту.

Дэлегацыя ірацкіх вайскоўцаў, паведамляе Рэйтэр, ужо адправілася ў Іран для каардынацыі захадаў у адказ.

Іран і Турэччына таксама пярэчаць аддзяленьню Курдыстану. Днямі іх арміі пачалі сумесныя вучэньні ў памежных з Курдыстанам раёнах. Ірак таксама правёў сумесныя з Турэччынай ваенныя манэўры.

Раней ЗША, Вялікабрытанія і міжнародная кааліцыя, якая змагаецца з групоўкай «Ісламская дзяржава», папрасілі адкласьці рэфэрэндум на два гады. Прэзыдэнт ірацкага Курдыстану Масуд Барзані сказаў, што адкладаць рэфэрэндум было занадта позна.