Беларуска атрымала плацінавую ўзнагароду прэстыжнага міжнароднага конкурсу дызайну ўпакоўкі

Дызайн упакоўкі лямпачак, распрацаваны Ангелінай Пішчыкавай

Прадстаўніца Беларусі Ангеліна Пішчыкава атрымала плацінавую ўзнагароду прэстыжнага міжнароднага конкурсу дызайну ўпакоўкі Pentawards 2017 у намінацыі Best of Other Markets за праект ўпакоўкі лямпачак з кузуркамі CS Lights Bulbs. Цырымонія ўзнагароджаньня адбылася 23 верасьня.

Раней Ангеліна Пішчыкава ўжо атрымала «срэбра» фэстывалю рэклямы ў Канах, залатую ўзнагароду і Гран-пры на фэстывалі Белы квадрат, «срэбра»​ Кіеўскага фэстывалю рэклямы і выйшла ў топ-10 найлепшых варыянтаў упакоўкі паводле вэрсіі выданьня Wired.

Мянчанка Ангеліна Пішчыкава толькі год таму скончыла БДУ, дзе вывучала дызайн прадметна-прасторавага асяродку. Дызайнэрам яна працуе менш за год, хоць летнюю практыку ў рэклямных агенцтвах праходзіла, пачынаючы з трэцяга курсу. ЦяперАнгеліна зьяўляецца супрацоўніцай агенцтва «Аіда Піянэр Груп».

Ангеліна Пішчыкава

«Калі я вывучала гісторыю адкрыцьця лямпачак, то наткнулася на цытату Эдысана. Пра тое, што, ствараючы лямпачку, ён арыентаваўся на сьветлячка як на ідэальную крыніцу халоднага сьвятла. І ў мяне неяк ланцужок асацыятыўны склаўся і зь іншымі кузуркамі. Узьнікла ідэя іх таксама падаць у форме лямпачак», — казала раней пра сваю працу Ангеліна Пішчыкава.

Акрамя Ангеліны на конкурсе адзначыліся беларускае брэндынгавае агенцтва Fabula Branding і брэндынгавая кампанія Public Group. Fabula Branding выйграла «бронзу» ў катэгорыі «Трункі» за дызайн ўпакоўкі кавы Amato, а Public Group заваявала «бронзу» за канцэпцыю ўпакоўкі малака ў катэгорыі «Канцэпцыя ўпакоўкі».

Pentawards — самы прэстыжны міжнародны конкурс дызайну ўпакоўкі

Створаны ў 2007 годзе, Pentawards лічыцца адным з самых прэстыжных міжнародных конкурсаў, прысьвечаных выключна дызайну ўпакоўкі ва ўсіх формах. Яго асноўнай задачай зьяўляецца павышэньне аўтарытэту дызайну ўпакоўкі і тых, хто стварае яго. У 2017 годзе ўручэньне прэміяў Pentawards адбылося ў Барсэлёне. Ва ўрачыстай цырымоніі сёлета ўзялі ўдзел больш за 300 чалавек з сфэры глябальнага дызайну ўпакоўкі па ўсім сьвеце (прадстаўлена 27 краінаў).

Журы конкурсу складаецца з 12 асобаў з усясьветнай вядомасьцю ў сфэры дызайну упакоўкі. Гэта як дызайнэры і арт-дырэктары з боку дызайн-агенцтваў, так і іх заказчыкі або прадстаўнікі кампаніяў. Журы выбірае пераможцаў на падставе творчай якасьці і маркетынгавай актуальнасьці прадстаўленых работ.

Усе працы падзяляюцца на дзьве вялікія групы: Pentawards Classic (распрацаваныя і запушчаныя ў вытворчасьць праекты) і Pentawards Concept — дызайн-канцэпцыі упаковак (не запушчаныя ў вытворчасьць праекты, якія маюць яркую ідэю, інавацыйны дызайн або форму). У групы ўваходзяць наступныя катэгорыі: напоі, ежа, тавары для цела, рынак іншых тавараў, прадметы раскошы, рознае (у кожнай катэгорыі маюцца падкатэгорыі), экалягічны канцэпт.

Усяго ня менш за 55 катэгорыяў дазваляюць любому віду ўпакоўкі спаборнічаць з аналягічнымі ў сваёй катэгорыі: гэта азначае, што бутэлька віна не ацэньваецца побач з півам, пральны парашок побач з садоўніцкімі матэрыяламі, або нават флякон парфумы побач з касмэтыкай.

Пераможцам уручаюцца бронзавыя, срэбныя, залатыя, плацінавыя і дыямэнтавыя ўзнагароды Pentawards. Старшыня журы — Жэрар Карон, заснавальнік агенцтва Noir Карр.