Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтарка ўпакоўкі лямпачак з кузуркамі: «Беларускія вытворцы часта не разумеюць, навошта ім дызайнэры»


Ангеліна Пішчыкава, фота з профілю ў сацыяльнай сетцы

Праца Ангеліны Пішчыкавай атрымала «срэбра» фэстывалю рэклямы ў Канах. Дызайнэрка расказала «Свабодзе», як прыдумала дызайн упакоўкі-пераможцы.

Мянчанка Ангеліна Пішчыкава толькі год таму скончыла БДУ, дзе вывучала дызайн прадметна-прасторавага асяродку. Дызайнэрам яна працуе менш за год, хаця летнюю практыку ў рэклямных агенцтвах праходзіла, пачынаючы з трэцяга курсу. Зараз Ангеліна зьяўляецца супрацоўніцай агенцтва «Аіда Піянэр Груп», яна звычайны дызайнэр.

«Калі я вывучала гісторыю адкрыцьця лямпачак, то наткнулася на цытату Эдысана. Пра тое, што, ствараючы лямпачку, ён арыентаваўся на сьветлячка як на ідэальную крыніцу халоднага сьвятла. І ў мяне неяк ланцужок асацыятыўны склаўся і зь іншымі кузуркамі. Узьнікла ідэя іх таксама падаць у форме лямпаў»

Упакоўка для лямпачак, створаная Ангелінай, мела міжнародныя ўзнагароды і да «срэбра» ў Канах. Напрыклад, «золата» і Гран-пры фэстывалю «Белы квадрат», «срэбра» Кіеўскага фэстывалю рэклямы. Тым ня менш Ангеліна Пішчыкава гаворыць, што «срэбра» ў Канах стала для яе нечаканасьцю.

«Пазаўчора стала вядома, што мы трапілі ў шорт-ліст. І гэта стала нечаканасьцю, — расказвае Ангеліна. — А ўчора ўвечары ўжо глядзелі прамую трансьляцыю. Цырымонія ўзнагароджваньня пачалася ў восем гадзін па менскім часе. І вось убачылі ў жывым эфіры, што аб’яўляюць Беларусь».

Дызайн упакоўкі для лямпачак, які распрацавала Ангеліна Пішчыкава
Дызайн упакоўкі для лямпачак, які распрацавала Ангеліна Пішчыкава

Спадарыня Пішчыкава гаворыць, што пакуль новых прапановаў аб працы не атрымлівала, а яна сама яшчэ не пасьпела ачуняць. «Вельмі шмат званкоў, вельмі шмат лістоў. Я не пасьпяваю ўсё зразумець, вялікі вэрхал. Аб прапановах новай працы яшчэ пакуль рана гаварыць», — расказвае дызайнэрка.

Фэстываль рэклямы ў Канах — вельмі прэстыжнае мерапрыемства. Беларусы ўваходзілі ў лік прызёраў толькі аднойчы, 12 гадоў таму. Тады агенцтва Starcom/"Крынь" атрымала «золата». Гэта быў першы посьпех такога ўзроўню ў рэклямнікаў з постсавецкай краіны.

Тым ня менш тавараў з арыгінальнай і прыгожай упакоўкай у беларускіх крамах ня так шмат. Ангеліна зьвязвае гэта з тым, што беларусы пакуль не зусім гатовыя для экспэрымэнтаў у гэтай галіне. «Упакоўка ж усё адно робіцца для кліента. І існуе вельмі шмат абмежаваньняў. У беларусаў не зусім эўрапейскі ўзровень адукацыі ў гэтым, таму нашы этыкеткі адрозьніваюцца ад эўрапейскіх. Але ўсё пакрысе разьвіваецца», — гаворыць Ангеліна.

Пішчыкава лічыць, што ў Беларусі не бракуе таленавітых маладых дызайнэраў, але ім пакуль не заўсёды даюць свабодна рэалізоўваць свае ідэі. Ёсьць праблема і з вытворцамі. Шмат хто проста не разумее, наколькі важна зрабіць для сваёй прадукцыі якасную ўпакоўку. «Некаторыя вытворцы ўвогуле ня лічаць патрэбным зьвяртацца да дызайнэраў і ў агенцтвы», — камэнтуе Ангеліна.

Дызайнэрка плянуе працягваць навучаньне і разьвівацца. «Хачу наведваць сэмінары, курсы. Расьці далей. Ці магчыма гэта ў Беларусі? Я думаю, што не. Для гэтага давядзецца выяжджаць за мяжу, наведваць сэмінары і лекцыі там», — гаворыць Ангеліна Пішчыкава.

Дарэчы, тыя самыя лямпачкі ва ўпакоўцы з кузуркамі можна будзе свабодна набыць у беларускіх крамах з канца жніўня. Вытворца зьбіраецца паставіць у крамы першую партыю памерам 20 тысяч штук.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG