Бэльгійскія дэпутаты прыехалі, каб «лепш зразумець» беларускую палітычную сыстэму

Ёлін Ван Камп, кіраўніца бэльгійскай дэлегацыі, якая ўзначальвае сэкцыю сувязяў зь Беларусьсю

«Цікавасьць да Бэльгіі ў нас двайная», — заявіў сёньня намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук, прымаючы парлямэнцкую дэлегацыю гэтай краіны. І патлумачыў, чаму: «Ня толькі таму, што Брусэль — неафіцыйная сталіца Эўропы, але яшчэ і таму, што ў вашай краіне надзвычай высокія сацыяльныя стандарты, моцная эканоміка, высокі ВУП».

Кіраўніца бэльгійскай дэлегацыі, якая ўзначальвае сэкцыю сувязяў зь Беларусьсю, 30-гадовая Ёлін Ван Камп сваю зацікаўленасьць таксама патлумачыла двума абставінамі:

«Па-першае, мы ведаем, што ваша палітычная сыстэма істотна адрозьніваецца ад нашай. Таму хочацца яе лепш зразумець, асабліва парлямэнцкі складнік. Па-другое, апошнім часам цікавасьць да Беларусі ў Эўропе істотна ўзрасла. І Бэльгія тут не выключэньне».

На пытаньне Свабоды, чаму спадарыня Ван Камп вырашыла ачоліць менавіта групу па Беларусі, яна адзначыла, што вывучала расейскую мову, і таму ёй «прасьцей, чым іншым калегам, успрымаць інфармацыю ад Беларусі».

Сёньня бэльгійскія парлямэнтары наведалі і Міністэрства замежных спраў Беларусі. Кантакты паміж беларускімі і бэльгійскімі палітыкамі працягнуцца і на наступным тыдні.

Намесьнік Макея едзе ў Брусэль

27 верасьня ў Брусэлі заплянаванае правядзеньне кансультацый паміж МЗС на ўзроўні намесьнікаў міністраў. Іх тэма — шырокі спэктар пытаньняў двухбаковага супрацоўніцтва ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, дамоўна-прававой, консульскай, гуманітарнай сфэрах. Таксама будуць разглядацца пэрспэктывы разьвіцьця дыялёгу Беларусі з Эўрапейскім зьвязам, уключаючы ўдзел у ініцыятыве ЭЗ «Усходняе партнэрства»; адбудзецца абмен думкамі ў тэматыцы рэгіянальнага і міжнароднага парадку дня.

Беларускую дэлегацыю ўзначаліць намесьнік кіраўніка МЗС Алег Краўчанка, бэльгійскую — спадарыня Анік ван Кальстэр. Гэта будзе іхная другая сустрэча сёлета. Дамоўленасьць аб інтэнсыфікацыі кантактаў была дасягнутая падчас візыту ў Беларусь міністра замежных спраў Каралеўства Бэльгія Дзідзье Рэйндэрса ў сакавіку 2017 году.