Сакратар прэміі Гедройця: Мы парушылі рэглямэнт, але не правы аўтараў

Уручэньне прэміі Гедройця 2016 году. Выдавец кнігі Макса Шчура «Завяршыць гештальт» Андрэй Янушкевіч

Сакратар літаратурнай прэміі Ежы Гедройця Аляксей Стрэльнікаў распавёў Свабодзе, чаму ў шорт-ліст прэміі замест шасьці трапіла сем кнігаў.

У Палажэньні аб прэміі гаворыцца, што 6 кнігаў, якія набралі больш за ўсё балаў, праходзяць у кароткі сьпіс. Але ў апублікаваным сёньня кароткім сьпісе 7 кнігаў.

«Хаваць асабліва няма чаго. У ходзе абмеркаваньняў узьнікла прапанова пашырыць шорт-ліст да сямі кніг. Фармальна, гэта парушэньне рэглямэнту, але, з пункту гледжаньня, аргкамітэта тут захоўваецца выкананьне галоўнай мэты прэміі — папулярызацыя беларускіх пісьменьнікаў. Таму аргкамітэт ня бачыць у такім адыходжаньні ад літары статуту парушэньня правоў удзельнікаў».

У кароткі сьпіс прэміі увайшлі наступныя 7 кнігаў:

  • Зміцер Бартосік. Быў у пана верабейка гаварушчы
  • Валер Гапееў. Ноч цмока
  • Адам Глобус. Зваротная пэрспэктыва
  • Андрусь Горват. Радзіва «Прудок». Дзёньнік
  • Сяргей Календа. Падарожжа на край ложка
  • Людміла Рублеўская. Дагератып
  • Аляксей Талстоў. Апоўначы на сіялімскім мосьце

Сёлета ў журы Прэміі Гедройця уваходзяць: Міхась Андрасюк, Раіса Баравікова, Альгерд Бахарэвіч, Алена Брава, Павел Касцюкевіч, Ціхан Чарнякевіч.

Прэмія імя Ежы Гедройця ўручаецца з 2012 году. На прэмію могуць намінавацца кнігі, выдадзеныя ў папяровым або электронным варыянтах цягам каляндарнага года на беларускай мове ў жанрах «мастацкая проза», «эсэістыка». Папярэднія пераможцы прэміі: Павал Касцюкевіч з кнігай «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (2012), Уладзімір Някляеў з кнігай «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» (2013), Ігар Бабкоў з кнігай «Хвілінка: Тры гісторыі» (2014), Віктар Казько з кнігай «Час збіраць косці» (2015), Макс Шчур з кнігай «Завяршыць гештальт» (2016).