Свабода будзе весьці трансьляцыю з брыфінгу Мінабароны аб вучэньнях «Захад-2017»

13 верасьня а 15-й гадзіне Міністэрста абароны Беларусі арганізуе другі брыфінг, прысьвечаны стратэгічным вучэньням узброеных сілаў Расеі і Беларусі «Захад-2017».

Начальнік дэпартамэнту міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Міністэрства абароны генэрал-маёр Алег Воінаў раскажа апошнія зьвесткі пра падрыхтоўку да сумесных манэўраў, старт якім будзе дадзены 14 верасьня.

Свабода будзе весьці жывую трансьляцыю з Нацыянальнага прэс-цэнтру.

На папярэднім брыфінгу, дзе ў тым ліку былі паказаныя межы «варожай Вяйшнорыі», прадстаўнік Мінабароны зрабіў некалькі заяваў і адмовіўся адказваць на пытаньні акрэдытаваных журналістаў.

Раней Міністэрства абароны Беларусі акрэсьліла парадак працы з мэдыя падчас вучэньняў: штодзень з 14 верасьня а 18:30 у прэс-цэнтры інфармагенцтва «Ваяр» будуць праводзіцца брыфінгі для прэсы, зьвесткі пра вучэньні будуць публікавацца на сайце ведамства, сайце тэлекампаніі «Ваен-ТВ» і закрытым рэсурсе пра вучэньні.

Прадстаўнікоў СМІ таксама абяцаюць пусьціць на тры палігоны: 17 верасьня на Ружанскі, 18-га — на Асіповіцкі, 19-га — на Даманаўскі (усяго месцаў, дзе 14–20 верасьня пройдуць вучэньні, сем) групамі да 40 чалавек. Выбар іх будзе ажыцьцяўляцца паводле прынцыпу «хто раней зьвярнуўся».