Расейскіх хакераў абвінавацілі ва ўзломе кампутарных сетак АЭС

Ілюстрацыйнае фота

Спэцыялісты па кібэрбясьпецы лічаць, што «узломшчыкі» зьбіралі дадзеныя аб працы энэргетычных сыстэмаў па ўсім сьвеце.

Амэрыканская кампанія Symantec, якая спэцыялізуецца ў сфэры кібэрбясьпекі, прыйшла да высновы, што больш за 100 узломаў кампутарных сетак энэргетычных кампаніяў і АЭС у гэтым годзе было праведзена хакерскай групай Dragonfly, якую лічаць зьвязанай з расейскімі ўладамі.

Як паведамляе выданьне The Daily Beast, аналітыкі кампаніі вывучылі доказы, пакінутыя «ўзломшчыкамі», пасьля таго, як хакерам удалося пранікнуць у сыстэмы кіраваньня і кантролю некалькіх дзясяткаў энэргетычных станцыяў у ЗША і краінах Эўропы.

Як удакладнілі спэцыялісты Symantec, хакеры не спрабавалі прынесьці якую-небудзь шкоду станцыям. «Да гэтага часу ўмяшаньні ўяўлялі сабой зьбіраньне выведных дадзеных: тэхнічных дыяграмаў, пароляў, справаздач, шыфравальных ключоў з адміністрацыйных сетак», — падкрэсьліваецца ў публікацыі.

Пры гэтым, як мінімум, у некалькіх выпадках хакерам атрымалася ўзламаць сеткі, якія кантралююць працу энэргетычных станцыяў, паведамляе «Голас Амэрыкі».