У менскім аэрапорце адмовіліся ад імя Францішка Скарыны

Нацыянальны аэрапорт "Менск" падчас рэканструкцыі

Кіраўніцтва Нацыянальнага аэрапорту «Менск» адхіліла прапанову аб наданьні аэрапорту імя Францішка Скарыны. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным адказе на калектыўны зварот, дасланым блогеру Антону Матольку.

Паводле адміністрацыі, «просьба аб перайменаваньі аэрапорту задаволеная ня можа быць, у тым ліку, і з прычын фінансава-эканамічнага характару».

«У дадзены момант адпаведна зь бізнэс-плянам разьвіцьця прадпрыемства, узгодненым намесьнікам міністра транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь А.М. Аўраменкам, фінансавыя сродкі на рэалізацыю мерапрыемстваў па перайменаваньні аэрапорту не прадугледжаныя і іх пошук у сувязі з рэалізацыяй праекту па будаўніцтве другой штучнай узьлётна-пасадачнай паласы не ўяўляецца магчымым», — гаворыцца ў лісьце кіраўніцтва аэрапорту.

Таксама кіраўніцтва аэрапорту прапануе назваць імем Скарыны Нацыянальную бібліятэку. А цяперашняя назва аэрапорту «Менск», на яго думку, «адпавядае сусьветнай тэндэнцыі ў сфэры назваў аэрапортаў».

У лісьце прыводзяцца прыклады назваў аэрапортаў, якія адлюстроўваюць «уласную назву геаграфічнага аб’екту «тапонім».

«Перайменаваньне існуючай назвы аэрапорту з прысваеньнем яму імя выбітнага дзеяча беларускай культуры павінна прайсьці шырокае грамадзкае абмеркаваньне», — гаворыцца ў лісьце.

Ініцыятары наданьня Нацыянальнаму аэрапорту «Менск» імя Францыска Скарыны не пагадзіліся з пазыцыяй кіраўніцтва аэрапорту. Яны патрабуюць паўторнага разгляду звароту і прыстойнага ўвекавечаньня памяці першага беларускага кнігадрукара. На плятформе petitions.by яны разьмясьцілі 6 жніўня новую пэтыцыю, пад якой ужо сабрана 880 подпісаў.

У пэтыцыі згадваецца пра зварот беларускай інтэлігенцыі з нагоды 500-годзьдзя беларускага кнігадрукаваньня. Год таму ён быў накіраваны кіраўніку краіны Аляксандру Лукашэнку, прэм’еру Андрэю Кабякову, а таксама ў Менгарвыканкам і Менскі гарсавет. У звароце ёсьць шэраг прапановаў па ўшанаваньні памяці Скарыны, у тым ліку — назваць Нацыянальны аэрапорт «Менск» імем Францыска Скарыны.

У ліпені 2016 году міністар культуры Барыс Сьвятлоў падтрымаў ідэю надаць імя Скарыны нацыянальнаму аэрапорту. Ён сказаў, што міністэрства накіравала неабходныя звароты ў дзяржаўныя структуры. Ніводная з вышэйзгаданых прапановаў беларускай інтэлігенцыі дагэтуль не рэалізаваная.