Падазрэньне на спробу тэракту ў Барсэлёне. Эвакуяваны гандлёвы цэнтар

Ушанаваньне памяці ахвяраў тэракту ў Барсэлёне.

У нядзелю 3 верасьня паліцыя Барсэлёны была вымушаная эвакуяваць гандлёвы цэнтар Diagonal Mar, паведамляе агенцтва БелТА. Паліцыя ачапіла раён побач з будынкам, былі спыненыя лініі грамадзкага транспарту. Раней стала вядома пра пляны тэрарыстаў выкарыстоўваць сумкі і заплечнікі для пераноскі выбуховых рэчываў.

17 жніўня аўтафургон урэзаўся ў натоўп у Барсэлёне на знакамітым бульвары Ляс-Рамбляс, у выніку чаго загінула 13 чалавек і яшчэ дзесяткі былі параненыя. У выніку аналягічнага нападу ў курортным горадзе Камбрыльс загінула жанчына і шэсьць чалавек атрымалі раненьні, калі раніцай 18 жніўня машына ўрэзалася ў мінакоў, а паліцэйскія застрэлілі пяцёх нападнікаў, на якіх былі надзетыя паясы сьмяротнікаў і ў якіх у аўтамабілі былі нажы і сякеры. Трое з тых, хто нападаў, былі грамадзянамі Марока.