У Беларусі абмяркуюць пэрспэктывы «Усходняга партнэрства»

Яўген Прэйгерман, кіраўнік экспэртнай ініцыятывы "Менскі дыялёг"

7 верасьня ў Менску зьбяруцца міжнародныя экспэрты, каб абмеркаваць будучыню «Усходняга партнэрства» на фоне росту рэгіянальнай нестабільнасьці. Пра гэта інфармуе экспэртная ініцыятыва «Менскі дыялёг».
  • Якія асноўныя дасягненьні і няўдачы ініцыятывы Эўразьвязу «Усходняе партнэрства» за восем гадоў яе існаваньня?
  • Ці здолела «Усходняе партнэрства» стаць паўнавартаснай пляцоўкай для разьвіцьця адносінаў Эўразьвязу з краінамі-партнэрамі?
  • Як эскаляцыя ў адносінах Расеі і Захаду адбіваецца на гэтай ініцыятыве і што чакаецца ў агялднай будучыні?
  • Ці могуць міратворчыя ініцыятывы Беларусі знайсьці адлюстраваньне ў рамках «Усходняга партнэрства»?

Адказы на гэтыя тэмы паспрабуюць даць у часе канфэрэнцыі беларускія і міжнародныя экспэрты.

Асобны блёк будзе прысьвечаны пытаньню, ці можна надаць «Усходняму партнэрству» другое дыханне. Удзельнікі выпрацуюць рэкамэндацыі для маючага адбыцца саміту ініцыятывы ў лістападзе ў Брусэлі.

Арганізатарамі канфэрэнцыі — экспэртная ініцыятыва «Менскі дыялёг» і Старшынства Эстоніі ў Радзе Эўрапейскага зьвязу, пры падтрымцы Фонду імя Конрада Адэнаўэра.

Зь вітальнымі словамі да ўдзельнікаў зьвернуцца намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка, амбасадар Эстоніі ў Беларусі Мэрыке Какаеў, праграмны дырэктар па Беларусі Фонду Адэнаўэра Вольфганг Зэндэр, кіраўнік экспэртнай ініцыятывы «Менскі дыялёг» Яўген Прэйгерман ды іншыя.