У Беларусі задумалі стварыць электратрактар

Ілюстрацыйнае фота. Трактар на выставе БелАгра 2017

Першы беларускі электратрактар мае зьявіцца неўзабаве, заявіў генэральны дырэктар НПЦ мэханізацыі сельскай гаспадаркі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Якоўчык у перадачы «Тыдзень» дзяржаўнага тэлеканалу СТВ:

«Усё ж такі мы рухаемся да рабатызацыі тэхнікі, вельмі вялікая ўвага ў нашых дасьледаваньнях і распрацоўках удзяляецца дакладнаму земляробству, г. зн. разумнай тэхніцы, — тлумачыў Якоўчык ідэю з электратрактарам. — Калі машына будзе працаваць у пэрспэктыве, ужо блізкай, я гэта бачу без мэханізатара, будзе весьціся сыстэма падрульваньня альбо ваджэньня (аўтаматычная альбо праз GPS-навігацыю). То бок гэта машыны будучыні, заўтрашняга дня».

Аўтаномныя трактары, пра якія казаў Якоўчык, пакуль існуюць толькі ў выглядзе канцэптаў, праводзяцца таксама выпрабаваньні аўтаномных фураў. Легкавыя машыны, якія бяруць на сябе частку кіраваньня, ужо прадаюцца.

На мінулым тыдні віцэ-прэм’еру Ўладзімеру Сямашку прадставілі беларускі электрамабіль на кітайскай базе. Раней гаварылася, што беларускі электрамабіль каштавацьме ўдвая даражэй за бэнзінавыя Geely, і можа праехаць толькі 100 км без падзарадкі.

Якоўчык таксама пагадзіўся з ідэяй Аляксандра Лукашэнкі аб стварэньні «супэркамбайна» і распавёў, што беларуская тэхніка ўжо ня толькі канкурэнтаздольная, але і «ў некаторых пазыцыях пераўзыходзіць усясьветныя аналягі».

Беларускія прадпрыемствы, кажа ён, ужо выпускаюць машыны для ўборкі капусты, ягадаў, яблыкаў, грушаў і морквы, а раней гэта зьбіралася «сіламі студэнтаў і вайскоўцаў».