Невядомы напаў на паліцыянтаў у Лёндане. Інцыдэнт разглядаюць як тэрарызм

Невядомы напаў з нажом на паліцэйскіх непадалёк ад Букінгемскага палаца ў Лёндане.

Пра гэта паведаміла паліцыя Вялікабрытаніі. Зламысьнік накінуўся на паліцэйскіх пасьля таго, як яны спрабавалі яго затрымаць. Два афіцэры атрымалі лёгкія раненьні.

Паводле ВВС, нападнік затрыманы ў адпаведнасьці з законам аб барацьбе з тэрарызмам. Напад, у выніку якога двое паліцэйскіх атрымалі лёгкія раненьні, будзе расьсьледаваць контртэрарыстычнае ўпраўленьне.

У апошнія месяцы Брытанію захліснула хваля тэрактаў, учыненых у адзіночку ці невялікімі групамі. 3 чэрвеня ў Лёндане аўтамабіль урэзаўся ў натоўп на Лёнданскім мосьце. Пасьля гэтага трое зламысьнікаў з нажамі выскачылі з машыны і пачалі нападаць на мінакоў. У раёне рынку Бора-маркет ўсе трое былі забітыя паліцыянтамі. Ахвярамі сталі сямёра чалавек, каля 50 атрымалі раненьні. Адказнасьць за напад ўзяла на сябе тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава».