Amnesty International прызнала Зьмітра Паліенку вязьнем сумленьня

Зьміцер Паліенка ў судзе ў кастрычніку 2016

Amnesty International заклікала беларускія ўлады «неадкладна і без умоваў вызваліць Зьмітра Паліенку, вязьня сумленьня, які быў зьняволены выключна за мірнае ажыцьцяўленьне сваіх правоў на свабоду слова і мірных сходаў».

Заклік, у якім міжнародная праваабарончая арганізацыя называе Паліенку вязьнем сумленьня, апублікаваны на яе афіцыйным сайце.

*

У кастрычніку 2016 году былы сябра НБП, прыхільнік анархісцкага руху Зьміцер Паліенка быў асуджаны на 2 гады зьняволеньня з адтэрміноўкай нібыта за напад на міліцыянта падчас роварнага прабегу «Крытычная маса», які адбыўся ў траўні мінулага году ў Менску. Міліцыянты брутальна спынілі акцыю, некалькі чалавек затрымалі, у тым ліку Паліенку, які нібыта парваў вопратку супрацоўніка міліцыі. Сваёй віны актывіст не прызнаў.

Пасьля суду Зьміцер Паліенка браў удзел у пікетах салідарнасьці ды іншых пратэставых акцыях. Увесну 2017 году актывіста зноў арыштавалі і на пачатку красавіка прысудзілі яму адбываць тэрмін ва ўмовах зьняволеньня. Суд толькі залічыў 5 месяцаў, якія Паліенка ўжо адбыў за кратамі падчас сьледзтва па справе «Крытычнай масы». Пасьля новага суду над Зьмітром Паліенкам беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.