У афшорах у 3 разы больш расейскіх актываў, чым у валютных рэзэрвах Расеі

Аб’ём расейскіх актываў ў афшорах прыблізна ў тры разы перавышае ўзровень валютных рэзэрваў Расеі.

Пра гэта гаворыцца ў дакладзе Нацыянальнага бюро эканамічных дасьледаваньняў ЗША «Ад саветаў да алігархаў: няроўнасьць і ўласнасьць у Расеі, 1905–2016».

Расейцы захоўваюць у афшорах суму, роўную 75% нацыянальнага даходу, аб’ём рэзэрваў складае 25%. Паводле зьвестак Банку Расеі на 1 жніўня, валютныя рэзэрвы краіны дасягнулі амаль 350 мільярдаў даляраў. Такім чынам, згодна з ацэнкай экспэртаў, у афшорах захоўваецца звыш 60 трыльёнаў рублёў ці больш аднаго трыльёна даляраў.

Пры гэтым аб’ём афшорнага капіталу роўны па велічыні фінансавым актывам унутры краіны. Як адзначаецца ў дакладзе, у Вялікабрытаніі, Швайцарыі, Кіпры і іншых падобных афшорных цэнтрах захоўваецца столькі сродкаў багатых расейцаў, колькі ўсё насельніцтва Расіі трымае на рахунках ўнутры краіны.

Аўтары дакладу таксама адзначаюць рост з 1990 году няроўнасьці ў даходах у Расеі. Цяпер 1 адсотак самых багатых расейцаў валодаюць чвэрцю нацыянальнага даходу. У ЗША, Нямеччыне і Францыі багацьце мільярдэраў ацэньваецца на 5–15 адсоткаў нацыянальнага даходу.

У 2014 годзе па ініцыятыве прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна быў прыняты закон аб дэафшарызацыі. Ён прадугледжвае стварэньне мэханізму падаткаабкладаньня прыбытку афшорных кампаній. Расейскіх грамадзян і прадпрымальнікаў абавязалі паведамляць фінансавым уладам пра свой афшорны бізнэс. Пасьля гэтага некаторыя бізнэсмэны вырашылі адмовіцца ад статусу падатковага рэзыдэнта Расеі.