Трамп агучыў новую стратэгію дзеяньняў ЗША ў Аўганістане

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выступіў 21 жніўня з прамовай, у якой сфармуляваў новую стратэгію дзеяньняў ЗША ў Аўганістане. Мэтай стратэгіі вызначаная перамога ў супрацьстаяньні з талібамі.

«Наша краіна павінна імкнуцца да пачэснага і ўстойлівага выніку, адпаведнага велізарным ахвярам. Мужчыны і жанчыны, якія служаць нацыі ў гэтай бітве, заслугоўваюць плян перамогі, яны заслугоўваюць патрэбных ім інструмэнтаў і даверу, які яны зарабілі, каб змагацца і перамагаць», — указаў прэзыдэнт Трамп.

У 2016 годзе Трамп як кандыдат у прэзыдэнты ЗША крытыкаваў ваенныя кампаніі ў Іраку і Аўганістане празь іх затратнасьць і малую выніковасьць. Цяпер ён настойвае, што «сыход Злучаных Штатаў з Аўганістану непрымальны», паколькі гэта створыць вакуум, які запоўняць тэрарысты.

Прэзыдэнт Трамп адмовіўся даваць якія-небудзь дэталі новай аўганскай стратэгіі. Ён нічога не сказаў пра тое, наколькі можа вырасьці колькасьць амэрыканскага кантынгенту ці пра тое, як доўга ён будзе знаходзіцца ў Аўганістане, хоць чакаецца, што колькасьць амэрыканскіх вайскоўцаў можа вырасьці на некалькі тысяч.

Прэзыдэнт ЗША таксама раскрытыкаваў Пакістан праз тое, што, на думку Трампа, у гэтай краіне «знайшлі прытулак тыя арганізацыі, якія штодня спрабуюць забіваць нашых людзей». Прэзыдэнт Трамп заклікаў Індыю надаць значную эканамічную дапамогу Аўганістану.