У цэнтры фінскага гораду Турку чалавек з нажом напаў на мінакоў, паліцыя параніла нападніка, паведамляе yle.fi.
9 чалавек з нажавымі раненьнямі дастаўленыя ў шпіталь. Двое памёрлі, трое праапэраваныя.
Паліцыя ў правінцыі Уусімаа і ў Хэльсынкі павысіла баявую гатовасьць з прычыны падзеяў у Турку. Таксама павышаныя захады бясьпекі ў аэрапорце Хэльсынкі-Вантаа.
У цэнтры Турку ідзе паліцэйская апэрацыя. Паводле дадзеных відавочцаў, у раёне былі чутныя стрэл або стрэлы.
Паводле інфармацыі газэты Turun Sanomat, у раёне было заўважана, як зь месца падзеяў беглі людзі з бэйсбольнымы бітамі.
На месца прыбыў атрад паліцыі ў бронекамізэльках. Жыхарам гораду раяць не выходзіць у цэнтар гораду.
Паліцыя параніла ў ніжнюю частку цела аднаго з падазраваных у нажавых атаках - ён затрыманы. Падазраваны ў шпіталі. Асоба яго пакуль ня высьветленая.
Паліцыя не камэнтуе, ці ідзе гаворка пра акт тэрарызму.