Суд апраўдаў Алеся Меха, якога затрымалі пасьля таго, як знайшоў праслухоўку ў кватэры

Аляксандар Мех у судзе

Грамадзкага актывіста з Кобрыні Алеся Меха судзілі за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі, аднак у судзе ягоная віна даказаная не была і яго не пакаралі.

Судзьдзя Кобрыньскага раённага суду Ала Богнат палічыла тлумачэньні міліцыянта недастатковымі.

У часе працэсу Аляксандар Мех даводзіў, што ніякага непадпарадкаваньня міліцыянтам ён не аказваў, бо і фізычна ня мог гэтага зрабіць, бо яго імгненна скруцілі «людзі ў масках», паклалі тварам долу і накінулі кайданкі за сьпінай.

Сьведка міліцыянт жа казаў, што Алесю Меху і яго знаёмаму Дзьмітрыю Чарніцкаму ў часе іх выхаду з пад’езду прадставіліся міліцыянты і паказалі пасьведчаньні, пасьля чаго Мех, маўляў, і пачаў супраціўляцца.

Аляксандар Мех і Дзьмітры Чарніцкі былі затрыманыя раніцай 15 жніўня, калі яны выходзілі з пад’езду Дзьмітрыя. Затрыманых завезьлі ў РАУС, на іх склалі пратаколы за непадпарадкаваньне міліцыі, а на Чарніцкага — яшчэ і за брыдкаслоўе.

Дзьмітры Чарніцкі

Дзьмітрыя Чарніцкага адразу ж завезьлі ў суд, дзе прысудзілі 22 базавыя велічыні штрафу (506 рублёў). Аляксандр Мех у судзе запатрабаваў адваката і паседжаньне перанесьлі на 16 жніўня.

Перад затрыманьнем знайшлі праслухоўку ў разэтцы

У часе паседжаньня Аляксандар Мех назваў прычыну гэтага брутальнага затрыманьня — незадоўга да яго актывісты знайшлі ў кватэры Чарніцкага прылады, падобныя да праслухоўкі, якія былі падлучаныя да разэткі.

Алесь Мех паказвае разэтку, дзе ён выявіў праслухоўку

Яны сфатаграфавалі гэтыя прылады ды вырашылі сысьці з кватэры, але на выхадзе іх скруцілі невядомыя.

Як распавёў Аляксандар Мех, калі пасьля суду ім вярнулі тэлефоны, на іх былі выдаленыя здымкі сфатаграфаваных прылад.

Нестыкоўкі з санкцыяй пракурора

Сьведка-міліцыянт даводзіў, што непадпарадкаваньне адбылося, калі ён з двума АМАПаўцамі пасьля 9-й гадзіны раніцы прыйшоў да Чарніцкага на ператрус з санкцыяй пракурора. Аднак, бацькі Дзьмітрыя Чарніцкага засьведчылі, што дакумэнт з санкцыяй яны разам зь міліцыянтамі чакалі яшчэ каля чатырох гадзінаў пасьля таго, як міліцыя затрымала Меха і Чарніцкага, і ўвесь гэты час бацькоў у кватэру не пускалі.

Алесь Мех растлумачыў гэта тым, што «ў гэты час з хаты прыбіралася праслухоўка і замазвалася сьцяна, у якой пад шпалерамі ішлі драты таго абсталяваньня»:

«Увечары, калі мы патрапілі ў кватэру, дзірка ў сьцяне, адкуль мы выдзерлі драты была замазаная, а шпалеры акуратна заклееныя,» — распавёў Алесь Мех.

Ад разэткі бачны "шнар" на шпалерах. Алесь Мех кажа, што проста пад імі ішлі драты ад праслухоўкі

Алесь Мех будзе судзіцца з міліцыянтамі, якія яго затрымлівалі

Як распавёў у судзе Алесь Мех, затрыманьне было вельмі жорсткім, ён ня мог нават словамі аказваць супраціўленьне, бо яму здушылі шыю. Дзьмітры пры затрыманьні стукнуўся падбародзьдзем і каленямі аб падлогу, на целе засталіся сьляды.

Дзьмітры Чарніцкі паказвае шнар на падбародзьдзі

Алесь Мех схадзіў у лякарню і зафіксаваў пабоі — ад кайданак, чырвонае вока:

«Вока пачырванела не ад таго, што білі ў вока, а з-за таго, што здушылі шыю, я літаральна ня мог дыхаць,» — кажа Алесь Мех.

Алесь Мех кажа, што чырвоная пляма на воку зьявілася пасьля таго, як міліцыянт здушыў яму шыю

Спадар Мех кажа, што будзе скардзіцца на міліцыянтаў, якія яго затрымлівалі:

«Пойдзем яшчэ ў судмедэкспэртызу, і безумоўна, паспрабуем прыцягнуць гэтых людзей да адказнасьці. Міліцыя за апошнія дзесяць год забыла што такое закон. Яна дзейнічае, як нейкія апрычнікі. Яны думаюць, што ў іх ёсьць усе магчымасьці дзейнічаць беззаконна і беспакарана. І грамадзтва павінна супрацьстаяць гэтаму».

Пляма крыві на падлозе ў пад'езьдзе, дзе было затрыманьне. Чарніцкі кажа, што гэта ён стукнуўся барадой