У Маскоўскім абласным судзе ў аўторак адбылася страляніна. Некалькі падсудных — членаў банды з Падмаскоўя, якіх абвінавачваюць у шматлікіх забойствах, напалі на ахову. Ёсьць забітыя, параненая жанчына-прыстаў.
Паводле дадзеных ТАСС, які спасылаецца на крыніцу ў праваахоўных органах, пяцёра ўдзельнікаў банды абяззброілі канвой і адкрылі страляніну. Трое зь пяці, як паведамляецца, былі забітыя, двое — абяззброеныя і затрыманыя.
Інтэрфакс са спасылкай на МУС таксама пацьвердзіў інфармацыю аб трох забітых бандытах.
У Краснагорскай станцыі хуткай дапамогі распавялі, што параненую жанчыну-прыстава даставілі ў шпіталь у стане сярэдняй ступені цяжкасьці.
Газэта «Маскоўскі камсамолец» пацьвердзіла, што перастрэлка пачалася падчас працэсу па справе банды з Падмаскоўя. Дзевяць яе членаў судзяць за забойства 17 чалавек і іншыя злачынствы ў Падмаскоўі: бандытызм, разбой, незаконны абарот і незаконны выраб зброі.