«Моладзь БНФ» пачала кампанію за вяртаньне льготнага праезду для студэнтаў

Квіток на грамадзкі транспарт

Актывісты «Моладзі БНФ» сабралі тысячу подпісаў за распрацоўку законапраекту аб вяртаньні зьніжкі ў 50% на праезд у грамадзкім транспарце для студэнтаў ВНУ і каледжаў.

Кампанія #goodbyetickets («Бывайце, квіткі») стартавала ў пачатку ліпеня, збор подпісаў ёсьць першым этапам. Акрамя збору подпісаў, плянуюцца іншыя захады, пра якія абяцаюць паведамляць пад адпаведным хэштэгам у сетках. Пакуль подпісы зьбіраюць у шасьці гарадах, плянуюць пашырыць збор на 20 гарадоў.

«Калі дэпутаты праігнаруюць голас тысячаў людзей, то мы самі з дапамогай экспэртаў распрацуем такі законапраект і будзем рознымі шляхамі дамагацца яго прыняцьця», — гаворыцца на сайце «Моладзі БНФ».

Актывісты мяркуюць, што вярнуць ільготы на праезд студэнтам трэба празь цяперашнюю эканамічную сытуацыю, бо студэнты — адзін з самых малазабясьпечаных пластоў насельніцтва, большая іх частка ня мае як самастойна зарабляць грошы, а праязны каштуе як палова стыпэндыі.

Ільготы на праезд школьнікам і студэнтам скасавалі 10 год таму, у 2007 годзе. У 2011 годзе школьнікам і студэнтам далі бясплатны праезд пры наяўнасьці даведкі зь месца вучобы, потым зноў адабралі ў канцы навучальнага году, потым вярнулі для школьнікаў на час навучаньня. Паводле правілаў (DOC) ад красавіка 2017 году, у даведцы школьніка мае быць пазначанае месца жыхарства і месца навучаньня, каб кантраляваць, ці школьнік бясплатна дабіраецца толькі да месца навучаньня і дамоў.