Украінская дэпутатка Саўчанка заявіла, што зьбірае грошы на прэзыдэнцкую кампанію

Надзея Саўчанка, архіўнае фота.

Дэпутатка Вярхоўнай Рады Надзея Саўчанка зьбіраецца балятавацца на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны. Пра гэта яна заявіла ў інтэрвію ўкраінскаму выданьню «Главком».

«Удзел я прымаць буду, а як далей — будзе відаць. Для ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі насамрэч трэба няшмат: 2,5 мільёна грыўняў [каля 97 тысяч даляраў — РС], каб зарэгістравацца. Адкрываецца фонд і шчыра кажу: «Я зьбіраю грошы на прэзыдэнцтва», — сказала Саўчанка.

Наступныя прэзыдэнцкія выбары маюць прайсьці ва Ўкраіне ўвесну 2019 году. Паводле Саўчанкі, яна таксама мае намер удзельнічаць і ў выбарах у парлямэнт, якія таксама маюць адбыцца ў 2019 годзе.

Надзея Саўчанка, якая ўдзельнічала ў баявых дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны, у ліпені 2014 году трапіла ў палон да сэпаратыстаў і была вывезеная ў Расею. Яе абвінавацілі ў забойстве расейскіх журналістаў і судзілі. У зьняволеньні Саўчанка доўгі час трымала галадоўку. Увосень 2014 году яе абралі ў Вярхоўную Раду Ўкраіны. Пасьля прысуду ўвесну 2016 году яе фактычна абмянялі на ўзятых у палон на тэрыторыі Ўкраіны расейскіх вайскоўцаў.