Амэрыканскі студэнт памёр загадкавай сьмерцю ў Сыбіры

Амэрыканскі студэн Колін Мэдсэн са штату Місуры

Паводле зьвестак Сьледчага камітэту Расеі, студэнт Іркуцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Колін Мэдсэн са штату Місуры памёр ад пераахалоджаньня. Але паводле экспэртызы, праведзенай у Злучаных Штатах, малады мужчына быў забіты.

Мэдсэну было 22 гады, калі ён у 2013 годзе прыехаў у Расею вывучаць расейскую мову. Ён марыў працаваць у ААН ці ў консульстве ЗША ва Ўладзівастоку. Хваліў творчую атмасфэру ва ўнівэрсытэце, добрых выкладчыкаў і актыўных студэнтаў. З расейскімі сябрамі ён ня раз хадзіў у паходы ў экстрэмальных умовах («па складаным рэльефе ў суцэльнай цемры без усялякіх арыентыраў»).

На 27 сакавіка 2016 году быў заплянаваны ўздым на пік Каханьня ў Тункінскім раёне Бураціі, маршрут працягласьцю 3,5 км. Колін і ягоныя сябры з Іркуцку — амэрыканец і два расейцы — спыніліся на ноч у курортным пасёлку Аршан ля падножжа Саянскіх гораў. Маладыя людзі прыехалі ўсяго на адзін уік-энд, вельмі сьпяшаліся, ні з кім у пасёлку не размаўлялі. Спаць леглі а 2-й ночы, дамовіліся падняцца а 5-й раніцы, выправіцца ў дарогу а 7-й. Усе спалі ў адным памяшканьні, але зранку выявілі, што Мэдсэн зьнік. Пры гэтым ягоны заплечнік ды іншыя рэчы засталіся ў доме.

Колін Мэдсэн

Сябры выправіліся ў пасёлак, пачалі шукаць Мэдсэна, але не знайшлі там. Спрабавалі зьвярнуцца ў апорны пункт паліцыі, але той быў закрыты, паліцыянта змаглі знайсьці толькі ўвечары. Сябры Мэдсэна распавядаюць, што сьледчыя адразу ж пачалі іх абражаць і пагражаць. Нібы пры арышце, адабралі ўсе асабістыя рэчы. Сьледчыя не сумняваліся, што адбылося забойства, а злачынцы знаходзяцца перад імі. Першай вэрсіяй было забойства ў стане алькагольнага ці наркатычнага ап’яненьня, але калі выявілася, што ўсе былі цьвярозыя, раззлаваліся яшчэ болей.

Цела Мэдсэна было знойдзена толькі 4 красавіка ў 1 км ад пасёлку Аршан, хоць да таго тэрыторыю ня раз абыходзілі ў пошуках. Цела было ў дзіўнай позе, нібы яго прыцягнулі і кінулі ў тое месца. Экспэртыза расейскіх сьледчых выявіла нібыта сьляды марыхуаны і спайсаў. Але амэрыканскі бок зьвяртае ўвагу на тое, што на целе і адзеньні ёсьць пашкоджаньні, на руках сьляды зьвязваньня, на галаве сьляды ўдару, а на шыі, магчыма, сьляды здушваньня.

Чытайце болей на сайце расейскай службы Свабоды