Беларуская лёгкаатлетка Скварцова пракамэнтавала свой сыход з п’едэсталу празь пераблытаны гімн

Заўзятары сьпяваюць гімн на футбольным стадыёне. Ілюстрацыйнае фота

Камэнтар Віялеты Скварцовай разьмешчаны на сайце Беларускай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі.

Віялета Скварцова стала пераможцай у трайным скачку на юніёрскім чэмпіянаце Эўропы па лёгкай атлетыцы ў італьянскім Грасэта. Падчас цырымоніі ўзнагароджаньня запусьцілі гімн іншай краіны, і Віялета на знак пратэсту пакінула пастамэнт. Арганізатары чэмпіянату Эўропы прынесьлі прабачэньні беларусам і правялі паўторную цырымонію ўзнагароджаньня.

— Пачуцьцё патрыятызму ахапіла мяне вельмі моцна, — пракамэнтавала Віялета Скварцова гэты інцыдэнт. — Я прасьпявала гімн. Мне было прыемна, што гэтым разам ён усё ж прагучаў.
Учора ж, калі эмоцыі мае яшчэ не аціхлі, для мяне было нечакана пачуць тое, што пачула. У першыя долі сэкунды я спачатку не зразумела, там ішло ўступленьне. Я падумала, напэўна, іншая вэрсія гімну. А потым стала вельмі крыўдна за краіну, за сябе. З боку арганізатараў — гэта быў велізарны недагляд. Я пачакала, пакуль узьнімецца наш сьцяг, пасьля я сышла з пʼедэсталу. Там і стаяла да канца гімну нейкай краіны.

Я спачатку не зразумела, там ішло ўступленьне. Я падумала, напэўна, іншая вэрсія гімну. А потым стала вельмі крыўдна за краіну, за сябе.

Я разумела, што парушаю працэдуру цырымоніі ўзнагароджаньня і могуць быць санкцыі, аж да пазбаўленьня мэдаля. Але ў той момант мне было вельмі непрыемна, што гучыць гімн не маёй краіны, не маёй Радзімы, за якую я выступаю. Усё ж такі мы столькі сіл пакладаем дзеля гэтага імгненьня. Для мяне гэта вельмі важна. Я настройвалася. Я вельмі хацела прабегчы са сьцягам, што і зрабіла пасьля выступу. І, вядома ж, стоячы на пʼедэстале, хацела пачуць гімн сваёй краіны.

Я лічу, што трэба паважаць і любіць сваю Радзіму. Я патрыётка сваёй краіны. Я нарадзілася ў Беларусі, якая вельмі прыгожая. Маю любоў да Радзімы немагчыма выказаць словамі. Я заўсёды сумую па доме, дзе б ні была. Я ў многіх краінах пабывала, паезьдзіла па сьвеце і кожны раз вяртаюся ў Беларусь з радасьцю. Я б хацела пажадаць спартоўцам, маім раўналеткам і ўсім-усім любіць сваю краіну, паважаць тое месца, дзе мы нарадзіліся, шануйце гісторыю!