Колькі трэба працаваць, каб акупіць навучаньне ў беларускім унівэрсытэце

Настаўнік, выкладчык гісторыі. Год таму навучаньне на гістарычным факультэце БДУ каштавала 2064 рублі. Сёлета ўжо 2250. Рост на 9%. На 2% больш за гадавую інфляцыю ў краіне. Множым гадавую цану на пяць і атрымліваем прыкладную цану поўнага навучаньня на гістфаку БДУ — 11250 рублёў. Паводле Белстату, сярэдні заробак настаўніка ў траўні летась быў роўны 556 рублям. Такім чынам, каб акупіць кошт свайго навучаньня, студэнту гістфаку БДУ прыйдзецца цалкам адкладваць свой заробак 1 год, 8 месяцаў і 6 дзён. На практыцы яшчэ больш, бо заробкі маладых спэцыялістаў, як правіла, ніжэйшыя за сярэднія.

Шахтар. Дакладней, спэцыяліст горназдабыўчай справы. Іх рыхтуюць у БНТУ, год навучаньня каштуе 2639 рублёў. Летась было на 12% таньней. Сярэдні заробак у галіне — 1293 рублі. Навучаньне акупіцца за 10 месяцаў і 6 дзён працы.

Будаўнік. Спэцыяльнасьць «Цывільнае і прамысловае будаўніцтва» ў БНТУ сёлета каштуе 2660 рублёў. На 12% больш, чым летась. Сярэдні заробак будаўніка ў Беларусі — 827 рублёў за месяц. Каб акупіць навучаньне, прыйдзецца адкласьці заробак за 1 год і 4 месяцы.

Архітэктар. Гэта найдаражэйшая спецыяльнасьць у БНТУ — 2797 рублёў за год навучаньня. Летась таксама было нямала — 2437. Рост амаль на 15%. Пры гэтым сярэдні заробак беларускіх архітэктараў роўны 953 рублям. Каб акупіць навучаньне ў БНТУ, давядзецца адкладваць месячны заробак больш за год — 14 месяцаў і 20 дзён.

Юрыст. Год навучаньня на юрыдычным факультэце БДУ сёлета каштуе 2851 рубель. Год таму было 2616. Рост на 9%. Сярэдні заробак юрыста ў Беларусі ў траўні складаў 1162 рублі. Каб акупіць навучаньне на юрыдычным факультэце БДУ, трэба працаваць 1 год і 9 дзён.

Лекар. Навучаньне спэцыяльнасьці «Лячэбная справа» ў Беларускім дзяржаўным мэдычным унівэрсытэце сёлета каштуе 2200 рублёў за год. Летась было 1968. Рост — 11.7%. Вучацца будучыя дактары 6 гадоў, прыкладны кошт поўнага навучаньня складзе 13200 рублёў. Зь сярэднім заробкам 625 рублёў за месяц яно акупіцца толькі пасьля 1 году, 9 месяцаў і 3 дзён працы.

Праграміст. Цана навучаньня на факультэце кампутарных сыстэмаў і сетак у БДУіР сёлета складае 2750 рублёў (на 47 рублёў таньней, чым вучыцца на архітэктара ў БНТУ), год таму было 2500 — рост на 10%. За пяць гадоў набяжыць сума ў 13750. Праўда, сярэдні заробак у галіне ў Беларусі складае ажно 3250 рублёў. Таму навучаньне можа акупіцца ўжо за 4 месяцы і 6 дзён.

Свабода падлічыла, колькі ў сярэднім каштуе навучаньне 7 розным прафэсіям і як доўга трэба працаваць, каб вярнуць гэтыя грошы.