«Наступныя цэлі Пуціна: Беларусь і мяжа Ўкраіны і Малдовы», — экспэрт ЗША

Тактыка Расеі — вельмі ўзважаная — яны ведаюць, што прайграюць у адкрытай канфрантацыі (з Захадам), таму спрабуюць нападаць на лёгкія цэлі, там дзе адказ Захаду можа стаць больш слабым і неадназначным.

Пра гэта заявіў выканаўчы віцэ-прэзыдэнт аналітычнага цэнтра Atlantic Council Дэйман Уілсан у сваіх паказаньнях перад камітэтам Сэната па ўзброеных сілах.

Найбольш лёгкай цэльлю для Пуціна можа стаць Беларусь, лічыць экспэрт.

Магчыма, яны і ня сыдуць, магчыма яны нешта зробяць, каб узмацніць хватку вакол Беларусі

Расея і Беларусь рыхтуюцца да маштабных ваенных вучэньняў «Захад-2017». Перад вучэньнямі, назіраецца значнае перамяшчэньне расейскіх войскаў па тэрыторыі Беларусі.

«Магчыма, яны і ня сыдуць (пасьля вучэньняў), магчыма яны нешта зробяць, каб узмацніць хватку вакол Беларусі», — адзначыў Уілсан.

Лёгкая перамога дазволіць Пуціну і далей разыгрываць карту нацыяналізму ва ўнутранай палітыцы, дэманстраваць веліч адміністрацыі, не чакаючы рэакцыі Захаду, у адрозьненьне ад Данбаса, які ператварыўся ў вялікую праблему для Пуціна.

Другая магчымая сфэра дэстабілізацыі, на думку экспэрта, гэта — мяжа Ўкраіны і Малдовы.

Цяпер ёсьць дамоўленасьць паміж Малдовай і Украінай, каб у рэшце рэшт, усталяваць кантроль на мяжы на ўсходзе Прыднястроўя. Паводле гэтай дамоўленасьці, украінцы дазволяць малдаўскім памежнікам разьмясьціцца на тэрыторыі Ўкраіны, паколькі яны ня могуць знаходзіцца на тэрыторыі Прыднястроўя.