Настаўніц з Маладэчна за сьмерць школьніцы на бульбе асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі»

Настаўніцы Вольга Завадзкая і Ірына Апанасевіч

Суд Маладэчанскага раёну сёньня абвясьціў прысуд у справе гібелі на бульбе 13-гадовай Вікі Папчэні.

Выкладчыц францускай мовы Вольгу Завадзкую і фізыкі Ірыну Апанасевіч, абвінавачаных у неналежным выкананьні абавязкаў у гарантаваньні бясьпекі жыцьця і здароўя дзяцей, што пацягнула па неасцярожнасьці сьмерць васьміклясьніцы Вікі Папчэні, прыгаварылі да 2 гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ў месцы зьняволеньня і да штрафаў у памеры 100 базавых велічынь (2300 рублёў).

Судзьдзя зачытвае вырак

Настаўніцы пазбаўленыя таксама права выконваць працу, зьвязаную зь бясьпекай дзяцей. Як патлумачыла адвакат Натальля Кашкан, гэта азначае, што яны 2 гады выкладаць ня змогуць.

Вольга Завадзкая і Ірына Апанасевіч

Таксама Маладэчанскі суд вынес прыватную пастанову ў адрас Маладэчанскага аддзелу адукацыі і турызму аб ліквідацыі прычынаў, якія прывялі да гібелі школьніцы Вікторыі Папчэні. Якія дакладна прычыны суд мае на ўвазе, у абвешчанай частцы прысуду не сказана.

Сябры і аднаклясьнікі загінулай

Раней настаўніцы цалкам прызналі сваю віну. Пракурор Вікторыя Паляшчук прасіла прысудзіць кожнай па 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, прызначыць штраф у памеры 100 базавых велічынь і забараніць на працягу двух гадоў займаць пасады, зьвязаныя зь бясьпекай дзяцей.

Пракурор Вікторыя Паляшчук

Бацькі загінулай дзяўчынкі прасілі суд не караць школьных настаўніц. Абвяшчэньне прысуду адбылося ў адсутнасьці бацькоў Вікі. Юлія і Алег Папчэня ў нядзелю, 9 ліпеня, зьехалі зь Беларусі і плянуюць вярнуцца не раней за 21 ліпеня. Яны цяжка пераносілі судовы працэс, стаміліся ад увагі журналістаў.

Настаўніц асудзілі без накіраваньня ў калёнію

Летась 29 верасьня падчас уборкі бульбы пад Маладэчнам загінула вучаніца 8 клясы Вікторыя Папчэня — на яе наехаў грузавік. Кіроўцу Паўлу Цыбіну 23 сьнежня 2016 году ўжо прысудзілі 3 гады абмежаваньня волі.

Як збор «прызавога» вядра бульбы скончыўся трагедыяй? Кажуць абвінавачаныя настаўніцы і кіроўца МАЗ