Натальля Каляда: «Зноў пачаць забруджваць зямлю Беларусі — гэта зьнішчаць краіну»

Натальля Каляда. Photograph © Jane Hobson

Сузаснавальніца і мастацкая дырэктарка «Беларускага свабоднага тэатру» Натальля Каляда ў 1990-х гадах працавала ў праграме «Супольнае зьмяншэньне пагрозы», ініцыяванай амэрыканскімі сэнатарамі Сэмюэлам Нанам і Рычардам Лугарам. Сярод іншага ў рамках праграмы праводзілася ачышчэньне глебы на аб’ектах, зь якіх былі выведзеная ядзерная зброя.

Сьведка ачышчэньня зямлі Беларусі ад шкодных рэчываў, Натальля Каляда дзеліцца сваімі думкамі з нагоды плянаванай пабудовы магільніку нізка- і сярэднеактыўных радыеактыўных адходаў БелАЭС:

«Я пачала працу ў гэтай праграме ў 1995 годзе. Праект рэалізоўвала вялікая амэрыканская авіябудаўнічая кампанія Hughes Aircraft System International у рамках праграмы Нана-Лугара Cooperative Threat Reduction. Гэта быў унікальны праект з удзелам найлепшых ІТ-спэцыялістаў. Сярод іншага, у рамках праграмы ўпершыню ўсе мытні Беларусі былі аб’яднаныя адной кампутарнай сыстэмай. Усе мытні былі экіпіраваныя амэрыканскімі джыпамі.

А галоўнае — мы выяжджалі на месцы, дзе праводзілася ачыстка глебы ад ракетнага паліва. Па ўсёй Беларусі былі разьмешчаныя ракетныя шахты. Зь іх былі выведзеныя ракеты, трэба было размантаваць шахты, перапрацаваць мэтал і ачысьціць глебу. На некаторых аб’ектах, куды мы прыяжджалі, перапрацоўвалася глеба, а на некаторых яшчэ заставаліся шахты — зазіраеш усярэдзіну зямлі і бачыш такі цыліндар, які ідзе некуды ўглыбіню... Гэта быў складаны, шматступенны працэс, рэальна тое, што было зроблена для краіны, было неацэнна. І ўсё гэта рабілася ў гуманітарных мэтах, зь меркаваньняў бясьпекі — як для рэгіёну, так і для насельніцтва краіны.

Амэрыканскі ўрад бясплатна выдзеліў для карыстаньня абсталяваньне, якое зьбірала глебу, забруджаную цяжкімі мэталамі, а зь яго ўжо выходзіла чыстая зямля, і на тых месцах ужо магло будавацца ўсё што заўгодна — глеба была ўжо прыдатная для выкарыстаньня і жыцьця. Там зьбіраліся будаваць дзіцячыя дамы — можна было ўжо будаваць што заўгодна.

Гэта быў неверагодны працэс, на мяне гэта рабіла абсалютна чароўнае ўражаньне, калі бачыш, як велізарны мэханізм бярэ тоны зямлі, поўнасьцю яе перапрацоўвае і дае на выхадзе чыстую глебу, якая можа выкарыстоўвацца ў мірных мэтах. Адчуваўся прагрэс. А цяпер мы назіраем рэгрэс.

У рамках гэтага праекту Беларусі было пастаўлена абсталяваньня на 120 мільёнаў даляраў. Столькі было зроблена, каб ачысьціць гэтую беларускую глебу, амэрыканскі ўрад укладваў грошы ня толькі ў бясьпеку рэгіёну, але і ў гуманітарныя праекты. Ачысьціць глебу, каб падрыхтаваць тэрыторыі абсалютна бясьпечныя для жыцьця. Адной з асноўных ідэяў амэрыканскага ўраду была пабудова прыязнай дзяржавы, другая — стварэньне бясьпечных умоваў для жыхароў.

І вось цяпер, калі прайшло ўжо столькі часу, зноў пачаць гэтую краіну забруджваць — гэта проста абсалютна супярэчыць здаровай лёгіцы. Гэта ўжо проста пытаньне лёгікі — як ты можаш пачаць забруджваць зямлю краіны, якая яшчэ так і не аднавілася пасьля Чарнобылю і будзе аднаўляцца яшчэ сотні гадоў! Столькі фінансаў было ўкладзена ў праграму ачышчэньня глебы ад ракетнага паліва, а цяпер зноў забруджваць... Гэта проста зьнішчаць краіну, хоць на розных узроўнях гэта адбываецца ўжо трэцяе дзесяцігодзьдзе, так што гэта ні для кога не сюрпрыз».