Бабруйск гуляе — «Пагоня», «казакі» і танец трактароў

  • ЯН

Міжнародны фэст народнай творчасьці ў Бабруйску

1-2 ліпеня Бабруйск адзначаў сваё афіцыйнае 630-годзьдзе й праводзіў міжнародны фэст народнай творчасьці.

Пад сьвяты вылучылі абедзьве гарадзкія плошчы, квартал у цэнтры ды вялікую частку вуліцы Сацыялістычнай. На плошчы Леніна паставілі сцэну, якой загарадзілі ад гораду Леніна, толькі цень ягоны «вечна малады» навісаў над фэстам.

Цень Леніна над фэстам

У суботу тут прайшло вялікае тэатралізаванае прадстаўленьне, якое мелася паказаць «усю гісторыю гораду за 2 гадзіны». У 2 гадзіны ўклаліся нават з раздачай грамат перадавікам вытворчасьці й званьня ганаровага грамадзяніна Ярмошынай. А з гісторыяй... Паводле сцэнару пасьля 1387 году адразу надышоў 1793-ці, і далей пайшло з усімі прыпынкамі — 1810, 1812... Толькі што на сцэне былі рыцары ВКЛ са штандарам «Пагоня», а вось ужо выйшлі ражаныя казачкі — «Расеі верныя сыны» і пасьля прамовы дыктара: «Что лучше — плен (у Напалеона) или смерть под русскими знамёнами» засьпявалі пра «Лікуй, Расія» ды «Кутузава-атца». І гэта шчэ даводзіцца лічыць прагрэсам, бо на сьвяткаваньні 620-ці гадоў тагачасны старшыня гарвыканкаму распавядаў з трыбуны пра «гнёт Рэчы Паспалітай». А цяпер па галоўнай плошчы праскакала «Пагоня», і нават тым казакам відавочна загадалі аздобіць сваю тэматычную пляцоўку па-беларуску.

Праўда на сьвяткаваньні на плошчы ніхто нацыянальную мову ўжываць не загадваў. Адзіныя словы па беларуску прагучалі ад актрысы з габрэйскай суполкі ды ад калектыву беларускай песьні з расейскага Тальяці. Усё сьвята прайшло пад расейскамоўную дыктоўку ды, за выняткам кароткай згадкі пра ВКЛ, у старых савецкіх традыцыях — «Расія, вайна, працьвітаньне». Толькі спрошчана — замест калёнаў прадпрыемстваў правезьлі адну вялікую шыну ды «станчылі» трактары, замест футбалістаў, што вылецелі ў ніжэйшую лігу, ды іншых спартоўцаў прайшліся дзеці.

Your browser doesn’t support HTML5

Танец трактароў

Сьвяточныя пляцоўкі гораду былі застаўленыя мясцовымі й прыезджымі гандлярамі, народнымі майстрамі і тэматычнымі пляцоўкамі — ад лягеру бабруйскага рыцарскага клюбу да шатра габрэйскай суполкі, дзе частавалі мацой ды прапаноўвалі напісаць цыдулку, якую рабін асабіста адвязе да ерусалімскай Сьцяны плачу.

Абавязковая пляцоўка «пра вайну» адзначылася непрыбранай вітрынай гародніны.

З-за частых дажджоў у нядзелю спрошчана й малазаўважна прайшла новая для Бабруйску падзея — выступы вулічных тэатраў.

Монаспэктакль паводле п’есы Чарльза Букоўскі

Адкрыцьцё міжнароднага фэсту

А яшчэ ў Бабруйску традыцыйна разам з гарадзкімі сьвятамі адкрылі «Вянок дружбы» — ужо 14-ты фэст народнай творчасьці, у якім гэтым разам удзельнічалі прадстаўнікі 24 краін. У адрозьненьне ад папярэдняга фэсту ў 2015-м шматкаляровыя шматнацыянальныя калёны прайшліся не па горадзе, а толькі па галоўнай плошчы.

Але пакуль замежныя госьці чакалі выхаду на падыходах да плошчы, падысьці да іх можна было спакойна, і там, на задворках сцэны, і адбывалася самае цікавае. Сэрбы фатаграфаваліся з бабруйскімі амэрыканцамі, украінцы круцілі гапака пад мурамі гарвыканкаму, пабрацімы з Нарафамінску пераконвалі мінакоў што Расея й Беларусь — адзін народ, а беларусы віталі нарвэжцаў воклічамі: «Б’ёрндален!»

Сэрбы фатаграфуюцца з амэрыканскай бабруйчанкай Алай Сандлер

“Грэцкія” кіпрыёты здымаюцца на фоне Бабруйску

Дэлегацыя з Гішпаніі

Госьці з самай далечыні

Разнастайнасьць строяў

Іншыя матэрыялы на гэтую тэму:

• «Бабруйск 3.0» — бабруйчане самі робяць свой горад культурнай сталіцай Беларусі

• Бабруйскі фэст: «Пуцін», браты-украінцы й масавая гулянка (фэст 2015 году)