Тэкст афіцыйнага віншаваньня Аляксандра Лукашэнкі распаўсюджаны прэс-службай кіраўніка краіны напярэдадні дзяржаўнага сьвята 3 ліпеня.
«За апошнія гады шмат што памянялася: і краіна, і людзі, якія ў ёй жывуць. Нязьменным засталося жаданьне кожнага з нас жыць у свабоднай і мірнай дзяржаве, — гаворыцца ў звароце. — Беларусам ня трэба ўзрушэньні, войны і рэвалюцыі, спэкуляцыя на дэмакратыі і правах чалавека. У нас ёсьць правераныя часам ідэалы і каштоўнасьці, і мы нікому не дазволім навязваць іншае».
Дзень Незалежнасьці Беларусі стаў адзначацца 3 ліпеня пасьля ініцыяванага асабіста Аляксандрам Лукашэнкам рэспубліканскага рэфэрэндуму 1996 году. Дата абраная з нагоды вызваленьня Менску з-пад нацысцкай акупацыі 3 ліпеня 1944 году. Першы вайсковы парад з гэтай нагоды адбыўся ў 1997 годзе.
З 1991 году Дзень Незалежнасьці адзначаўся 27 ліпеня — дзень прыняцьця Дэклярацыі пра дзяржаўны сувэрэнітэт БССР.