Мэркель не жадае ізаляцыі Трампа на саміце G20

Ангeла Мэркель

Як паведаміла «Нямецкая хваля», канцлер Нямеччыны Ангeла Мэркель менш чым за тры тыдні да пачатку саміту Вялікай дваццаткі (G20) у Гамбургу заклікала ўдзельнікаў групы ўстрымацца ад «аднабаковых дзеяньняў» на сустрэчы. На думку Мэркель, у цяперашнія няпростыя для міжнароднай палітыкі часы падчас такога мерапрыемства існуе шанец знайсьці агульныя інтарэсы.

Яна чарговы раз скрытыкавала рашэньне Злучаных Штатаў выйсьці з Парыскага кліматычнага пагадненьня. Канцлер таксама выступіла супраць ізаляцыі прэзыдэнта ЗША падчас саміту ў Гамбургу. «Усё ж ЗША застаюцца вельмі важным членам G20, і фэдэральны ўрад Нямеччыны рады вітаць іх дэлегацыю нягледзячы на ўсе рознагалосьсі ў поглядах», — заявіла Мэркель у Гамбургу ў часе сустрэчы ў рамках падрыхтоўкі да правядзеньня саміту G20.

Саміт Вялікай дваццаткі адбудзецца ў Гамбургу 7-8 ліпеня. На сустрэчу прыбудуць лідэры найбуйнейшых эканомік сьвету, у тым ліку прэзыдэнты ЗША Дональд Трамп і Расеі Ўладзімір Пуцін.

1 чэрвеня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў аб плянах краіны выйсьці з Парыскага кліматычнага пагадненьня, патлумачыўшы, што гэтая дамова «дрэнная» для амэрыканцаў.