Беларуская армія атрымае новыя бронемашыны з Кітаю. У падарунак

Ілюстрацыйнае фота. Кітайскі бронеаўтамабіль

Узброеныя сілы Беларусі папоўняцца новымі кітайскімі бронеаўтамабілямі, паведамілі агенцтву «Інтэрфакс» у Міністэрстве абароны.

«У адпаведнасьці з пагадненьнем паміж Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам нацыянальнай абароны Кітайскай Народнай Рэспублікі аб прадастаўленьні бязвыплатнай вайскова-тэхнічнай дапамогі, ад 21 чэрвеня пачнецца пастаўка чарговай партыі тэхнікі і маёмасьці. Гэтым разам нашы Ўзброеныя сілы атрымаюць ад кітайскіх партнэраў найноўшыя браніраваныя машыны CS/VN3, вырабленыя ў горадзе Чунцын», — гаворыцца ў паведамленьні вайсковага ведамства.

Адзначаецца, што на мінулым тыдні з КНР вярнуліся беларускія вайскоўцы, якія праходзілі навучаньне ў абслугоўваньні і эксплюатацыі гэтых узораў тэхнікі на кітайскім заводзе ў горадзе Чунцын.

Гэта ня першая вайскова-тэхнічная дапамога з Кітаю. У 2015 годзе Ўзброеныя сілы Беларусі атрымалі парадныя аўтамабілі Hongqi L5 («Чырвоны сьцяг»), а да таго — аўтамабілі павышанай праходнасьці DongFeng Mengshi EQ2050 («Волат»).

Разам з тым аналітыкі зьвяртаюць увагу на праблемы якасьці кітайскай тэхнікі. Акурат днямі ў Кеніі падарваўся аналягічны бронеаўтамабіль з мадыфікацыяй CS/VN3 — фармальна лічыцца, што ён абаронены ад выбуху міны. Загінулі 7 вайскоўцаў і 1 цывільны.

Тое, што БТР разваліўся на часткі пасьля падрыву на самаробнай выбухоўцы, выклікала сур’ёзную незадаволенасьць на міжнародным узроўні наконт надзейнасьці браніраваных аўтамабіляў кітайскай вытворчасьці.