Беларускі літаратар і палітык Аляксей Шэін атрымаў міжнародную прэмію за кнігу фантастыкі

Беларускі фантаст Аляксей Шэін стаў ляўрэатам міжнароднай прэміі «Эўракон-2017» — Эўрапейскага таварыства навуковай фантастыкі. Ягоны раман-фэнтэзі «Сем камянёў», разам з кнігамі яшчэ дзесяці аўтараў, быў адзначаны як лепшы літаратурны дэбют.

«Нечакана, вядома, і прыемна, бо ні пра якое намінаваньне я ня ведаў. Палез у нэт глядзець, хто ў якіх намінацыях атрымліваў „Эўраконаў“ у розныя гады. Аказалася, што гэта былі ў тым ліку і Стругацкія, і Айтматаў, і Карэн Шахназараў, і Станіслаў Лем», — падзяліўся ў Фэйсбуку сваімі першымі ўражаньнямі ад атрыманьня прэміі Аляксей Шэін.

У Беларусі ягоная кніга стала адным з бэстсэлераў 2015 году. Яна распавядае пра хлопца Яся, які апынуўся ў дзівоснай краіне Эфэрэі і змагаецца за выратаваньне сваёй невылечна хворай сяброўкі, а адначасова — за вяртаньне свабоды краю, які цярпіць пад прыгнётам кіраўніка-самазванца.

Your browser doesn’t support HTML5

«Сем камянёў» — кніга пра тое, як зрынуць дыктатара

Аляксею Шэіну 41 год. Ён — адзін з заснавальнікаў «Маладога Фронту», колішні сябра партыі БНФ, адзін з ініцыятараў аднаўленьня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. У 2015 быў узнагароджаны прэміяй «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці» ў намінацыі «Грамадзкі лідэр году». Пераможца літаратурнага конкурсу «Эксьлібрыс» імя Аляксандра Ўласава, які праводзіўся Саюзам беларускіх пісьменьнікаў у 2014.

Таксама пісьменьніца Натальля Шчэрба, родам зь Беларусі, атрымала прэмію «Эўракон-2017» у намінацыі «Лепшы твор для дзяцей» зь дзіцячым цыклем «Часадзеі».

Узнагарода ўручаецца ад 1972 году Эўрапейскай супольнасцю навуковай фантастыкі (European Science Fiction Society, ESFS), куды ўваходзяць як прафэсійныя пісьменнікі-фантасты, так і аматары фантастыкі. ESFS уключае ў сябе 22 эўрапейскія краіны.