Мэркель далучылася да крытыкі ўзмацненьня санкцыяў супраць Расеі

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель далучылася да крытыкі ўзмацненьня жорсткасьці санкцыяў супраць Расеі, за якое напярэдадні прагаласаваў Сэнат ЗША.

Паводле прэс-сакратара ўраду Нямеччыны Штэфэна Зайбэрта, канцлер выказала зьдзіўленьне тым фактам, што пры ўзмацненьні жорсткасьці санкцыяў супраць Расеі пад удар трапляе эўрапейская эканоміка. «Так быць не павінна», — адзначыў Зайбэрт, падкрэсьліўшы, што эканамічныя інтарэсы і пытаньні санкцыяў павінны быць разьдзеленыя.

Напярэдадні міністар замежных справаў ФРГ Зыгмар Габрыэль і фэдэральны канцлер Аўстрыі Крысьціян Кэрн выступілі з сумеснай заявай, у якой рэзка раскрытыкавалі ўзмацненьне санкцыяў супраць Расеі. На іх думку, пашырэньнем сьпісу штрафных захадаў супраць Расеі ЗША перасьледуюць уласныя эканамічныя інтарэсы і спрабуюць націснуць на эўрапейскія кампаніі.