Пяцьдзясят гадоў назад гэта адбылося. За мужнасьць, за партызанку далі. Галоўнае начальства СССР. Праз тры гады яшчэ адзін прышчапілі на грудзі. Тады іх раздавалі налева і направа.
Колькі разоў іхні аўтобус, ад сталічнай вобласьці, трапляўся мне на вочы ў Горадні. На борце наклееныя два ордэны Леніна. Людзі мае, 2017 год, а яны як зь пісанай торбай зь ім. Я разумею, каб гэта быў ордэн Скарыны. Сапраўды было б салідна, ганарова.
Які толк ад узнагарод мёртвага органа неіснуючай абрэвіятуры? Аўтобус тут пры чым?
І вы мне не паверыце: я знаходжуся ў Вільні і зараз апынуся пад Вострай брамай. Хто ня ведае: зьверху наша слаўная сярэднявечная Пагоня. Рыцарскі герб. І праходжу міма аўтобуса. І аўтобус гэты беларускі, больш за тое — менавіта са сталічнай вобласьці. І бакавым зрокам заўважаю штось, што вымушае мяне машынальна выцягнуць здымач. Два ордэны Леніна на борце заклееныя! Крыж-накрыж, надзейна. Каб літоўцы не здагадаліся. Але мне ж выдатна вядома, што леніны там ёсьць, што яны на месцы, што іх толькі замаскавалі, каб не раздражняць літоўцаў.
Нехта скажа: чаго ты распрагаесься? Можа гэта выпадкова? Навошта ім было заклейваць правадыроў, хіба яны літоўцам перашкаджаюць?
І мне спачатку падумалася: няўжо праз сарамлівасьць? Няўжо адчулі, што гэта нонсэнс — да Вострай брамы ды з двума ленінамі. Эстэтычнае глупства. Але ж не, зразумеў я, што гэта каб увесьці ў зман літоўцаў. Чаму? Бо праскочыла паведамленьне, што яны кагосьці не пусьцілі на мяжы праз савецкую сымболіку. Факт быў. І значыцца землякі, магчыма недзе ў лесе дбайна заклейвалі сваю гордасьць, каб літоўскія памежнікі ад варот паварот не далі. Неразумна ня трапіць у Вільню праз свае савецкія ордэны.
Што яшчэ зьдзівіла: у Горадню прыяжджаў патрыманы ардэнаносны аўтобус, «мазаўскі», а гэты ў Вільні быў сучасны замежны, выглядаў на турыстычны. Дык яшчэ больш незразумела тады: ленінамі навошта абклеілі?
Тлумачэньне можа быць простым: у Менскай вобласьці, як выглядае, своеасаблівы культ ордэна Леніна… На міжнароднай шашы М6 на ўезьдзе ў Гарадзенскую вобласьць з боку сталіцы спакон веку сустракае ўнушальных памераў выява ордэна Леніна. Вобласьцю кіраваў чыноўнік, якога перакінулі аднойчы на сталічную. Але на мяжы з Гарадзенскай яна ніякіх ордэнаў ня мела, хаця валодала двума. І вось паступае каманда пабудаваць канструкцыю з надпісам і двума ленінамі.
Справа чамусьці крыху зацягнулася. Але нарэшце ўсё зроблена: і два ордэны сустракаюць падарожных. Але адкуль такая сьціпласьць, мабыць непрыемна зьдзівілася начальства: чаму ў Гарадзенскай вобласьці адзін вялікі ордэн Леніна, а ў нашай два маленькія? У чым справа?
Самае цікавае, што галоўнае начальства тут знайшло крэдыт і шашу М6 сталі тэрмінова перабудоўваць: замест аднаго пасу, рабіць два. Канструкцыю з двума ленінамі ў зьвязку з гэтым дэмантавалі. Прастаяла некалькі месяцаў.
Паявілася інтрыга. І мне стала цікава: што будзе далей? І вось канструкцыю вярнулі на месца, прывесіўшы двух новых, гэтым разам вялікіх ленінаў. Каб ня горш, чым у гарадзенскіх было.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.