Менскія сьледчыя вырашылі перачытаць кнігу Саньнікава

Ілюстрацыйнае фота. Вокладка кнігі Андрэя Саньнікава «Мая гісторыя» (фрагмэнт)

Каардынатару кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Яўгену Афнагелю вярнулі рэчы, канфіскаваныя ў час ператрусаў 22 і 23 сакавіка. Але сярод іх не аказалася кнігі Андрэя Саньнікава «Мая гісторыя» — яе ўзялі на паўторную экспэртызу, перадае «Хартыя-97».

Паўторная экспэртыза 288-старонкавай кнігі можа заняць «пару месяцаў», паводле сьледчай Першамайскага раённага аддзяленьня СК Алесі Стрэчэнь. Таксама Афнагелю не вярнулі аўдыёкалёнку, узмацняльнік, дызэльны генэратар, некаторыя іншыя кнігі і відэакасэты. Але вярнулі два ноўтбукі, флэшкі і CD-дыскі.

У Першамайскім РУУС Афнагелю паведамілі, што гукавая апаратура і генэратар знаходзяцца ў гарадзкой ДАІ, але ў ДАІ паведамілі, што рэчы трэба шукаць у РУУС. Афнагель спадзяецца, што пошуку рэчаў паспрыяе скарга або адвакат.

Кнігу «Мая гісторыя» ўжо правяралі на экспэртызе: у лістападзе мінулага году іх канфіскавалі на мяжы ў Ірыны Халіп, праверылі, нічога забароненага не знайшлі і вярнулі праз тры месяцы.

«Маю гісторыю» Саньнікаў прэзэнтаваў у тым ліку ў Менску, да прэзэнтацыі праваахоўнікі ня мелі прэтэнзіяў. Кніга прадаецца як у Беларусі, так і за яе межамі (яна выдадзеная на беларускай, расейскай і ангельскай мовах).

Кніга Андрэя Саньнікава «Мая гісторыя» на вітрыне найстарэйшэй дзейнай кнігарні Кіева «Наукова думка»