Усё толькі пачынаецца

Ўінслаў Гомэр, «Сумны хлопец» (1873)

Чэрвеньскі дзень, сонца акупавала горад. Гарачыня. Лянота. Вуліцы амаль абязьлюдзелі, сабакі, цяжка дыхаючы, шукаюць ценю.

Мы стаміліся. Мы дзьве гадзіны ганялі ў футбол, потым з асалодай пілі ваду з-пад калёнкі, а цяпер ляжым на траве і глядзім, як самалёт дзеліць неба белай мяжой напалову. Мы маўчым. Але я ведаю, што ўсе сябры ў гэты момант думаюць пра адно — як крута было б наўпрост адсюль трапіць у самалёт і абляцець увесь сьвет!

Вецер і дзьмухаўцы засыпаюць нас парашутамі-сямянкамі. Я ўсьміхаюся. Я ўпэўнены, што наш самалёт яшчэ дачакаецца нас. Бо колькі нам — усяго толькі па адзінаццаць гадоў. У нас яшчэ ўсё наперадзе!

Вадзім Крук

Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org