Бабруйскую крэпасьць разьбіраюць марадэры

Бабруйская крэпасьць разбураецца

Вандалы расьцягваюць аўтэнтычную цэглу з помніка архітэктуры і гісторыі — Бабруйскай крэпасьці, якая стаіць без нагляду і ў год абвяшчэньня Бабруйску сталіцай культуры.

2 чэрвеня мінакі заўважылі, як да аднаго з бастыёнаў крэпасьці пад’ехаў мікрааўтобус і нейкія людзі сталі складваць у яго крапасныя цагліны. На наступны дзень гісторыя паўтарылася — той самы мікрааўтобус заўважыла турыстычная група зь Менску.

Аўтобус рабаўнікоў (фота ад валянтэраў)

«Калі да нашых турыстаў дайшло, што гэтыя людзі сярод белага дня выносяць цэглу з гістарычнага помніка, яны проста аслупянелі ад шоку», — расказвае экскурсаводка групы Лідзія Пляшкевіч.

Сям’я марадэраў (фота ад турыстаў)

Турысты чулі грукат, нібыта марадэры разьбівалі ўнутраную сьценку. Сфатаграфавалі зламысьнікаў і выклікалі міліцыю. Яна прыехала хутка, вандалаў затрымалі. А тыя заявілі, што яны валянтэры і проста прыбіраюць сьмецьце.

Словы «валянтэры ў крэпасьці» ў Бабруйску ўжо вядомыя. Рэч у тым, што некалькі бабруйчан аб’ядналіся праз сацсеткі ў валянтэрскі атрад для ачысткі крэпасьці ад куч разнастайнага сьмецьця. Справу пачалі дзьве дзяўчыны — Ірына Хамрэнка-Ушакова й Кацярына Карпава.

Ірына Хамрэнка-Ушакова

​«Нам надакучыла скардзіцца што „нехта“ не даглядае нашу гарадзкую славутасьць — і мы вырашылі пачаць наводзіць там парадак самі, — расказвае Ірына Хамрэнка-Ушакова. — Карона ня ўпала, вынесьлі ўдзьвюх зь бліжэйшага бастыёну пяць мяхоў сьмецьця. Кінулі заклік, цяпер зьбіраемся штонядзелю, і з кожным разам прыходзіць усё больш народу — восем, дванаццаць чалавек... Апошнім разам агульнымі намаганьнямі вынесьлі ажно 80 мяхоў».

Муры крэпасьці пачынаюцца на ўскрайку сёньняшняга гораду

Першы бастыён, за які ўзяліся валянтэры, ужо прыбраны цалкам. І якраз да суседняга зь ім прыяжджалі марадэры.

Валянтэры выносяць з бастыёнаў і адносяць на сьметніцы выключна бытавое сьмецьце розных эпох, ад бутэлек да аўтамабільных пакрышак, а цэглу, нават бітую, толькі прымаюць з праходаў ды складваюць ўздоўж муроў. У мясцовай прэсе выйшаў артыкул пра іхную справу з кантактным тэлефонам арганізатараў прыбіраньня.

Гістарычная цэгла і сама валіцца

Агітацыйныя ўлёткі са старонак валянтэраў

«І раптам у суботу мне тэлефануе невядомая жанчына і скардзіцца, што празь мяне затрымалі ейнага мужа, — працягвае Ірына Хамрэнка-Ушакова. — А пад вечар прыйшла міліцыя, опэрупаўнаважаны і сьледчы, сталі распытваць, хто мы, што робім у крэпасьці, што кажам іншым людзям. І расказалі, што затрымалі сям’ю, якая вывозіла з крэпасьці цэглу. Добра, што хутка разабраліся, што сапраўдныя валянтэры ні пры чым, але нэрваў патрацілі... Нам штораз балюча бачыць, калі на ачышчаным нашымі рукамі месцы зьяўляецца новая бутэлька ці пакет, а тут яшчэ і нейкія зладзеі намі прыкрываюцца!»

Бабруйчане прыбралі ад сьмецьця адзін з бастыёнаў (фота валянтэркі Сьвятланы Хартановіч-Бернадзкай)

Закрыты бастыён

Калі з большай часткі тэрыторыі бабруйскай крэпасьці вывелі вайсковыя часткі, некаторыя бастыёны спрабавалі здаць у арэнду пад офісы, але нічога ня выйшла — у такіх мурах каналізацыю не правядзеш. Толькі з былой стайні зрабілі краму. Пару бастыёнаў закратавалі і паставілі вароты, а большасьць стаіць адкрытая. Гэта вабіць турыстаў, але самі збудаваньні без нагляду разбураюцца, нават перакрытыя. І цяпер адны жыхары Бабруйску страшэнна засьмечваюць сваю славутасьць, другія за першымі прыбіраюць, а трэція гатовыя разабраць, што засталося.

Ад аховы — толькі абвесткі

Нумару помніка пакуль ёсьць на чым трымацца

Правалы гісторыі