«Я сядзеў за народ». Актывіста АГП выпусьцілі з магілёўскага ізалятара

Раман Мішчанка на волі

Пасьля 15 сутак адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Раман Мішчанка. Ленінскі суд Магілёва прызнаў хлопца вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства на плошчы Леніна.

Паводле выраку судзьдзі Аксаны Ратнікавай, актывіст распаўсюдзіў праз сацыяльныя сеткі ў інтэрнэце заклік да ўдзелу 1 траўня ў Маршы салідарнасьці, ня маючы дазволу ўлады. У дзень абвешчанай акцыі пратэсту яе арганізатар на плошчу ня трапіў, бо яго затрымалі. Марш салідарнасьці не адбыўся.

«Лукашэнка абвясьціў народу вайну, таму і адбылося маё затрыманьне», — сказаў Раман Мішчанка, як выйшаў з ізалятара для часова затрыманых.

Пра тое, што яму давялося 15 сутак правесьці ў няволі, хлопец не шкадуе. «Я за народ сядзеў», — кажа ён.

Раман з маці Валянцінай

У ізалятары, казаў Раман, было холадна і даймалі клапы. Бавіў час чытаньнем. Пісаў вершы. За пятнаццаць сутак атрымаў нямала лістоў ад паплечнікаў і невядомых яму людзей. «У лістах былі словы падтрымкі», — кажа актывіст.

Лісты з волі

Трое сутак Раман сядзеў у камэры адзін. Потым да яго «падсялілі» сядзельца, які чакаў дэпартацыі зь Беларусі. Стаўленьне супрацоўнікаў было паважлівае, кажа актывіст АГП.

На волі Рамана сустрэлі ягоная маці Валянціна і журналісты.

Адзін зь вершаў Рамана Мішчанкі

За ўтрыманьне ў ізалятары хлопцу выпісалі рахунак на 172 рублі.

У судзе Раман Мішчанка сваёй віны не прызнаў. Заявіў, што права на правядзеньне мірных сходаў, мітынгаў ды шэсьцяў гарантуецца Канстытуцыяй. Вырак судзьдзі Ратнікавай для яго быў чаканы.