У амэрыканскай прэсе зьявіліся паведамленьні пра тое, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прасіў былога дырэктара ФБР Джэймса Коўмі прыпыніць расьсьледаваньне аб сувязях былога дарадцы прэзыдэнта ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Майкла Фліна з Расеяй, піша «Голас Амэрыкі».
Расьсьледаваньне павінна было высьветліць, ці мела месца змова перадвыбарчага штабу Трампа з Масквой з мэтай паўплываць на ход прэзыдэнцкіх выбараў у 2016 годзе.
Паводле паведамленьняў, Трамп агучыў свой запыт дырэктару ФБР на сустрэчы ў лютым. У службовай запісцы, напісанай Коўмі па выніках гутаркі, прэзыдэнт сказаў: «Спадзяюся, вы можаце пакінуць гэтую справу ў спакоі», маючы на ўвазе расьсьледаваньне ў дачыненьні Фліна.
Першай пра падрабязнасьці справаздачы Коўмі напісала газета The New York Times. Пазьней гэтую інфармацыю пацьвердзілі The Washington Post і шэраг іншых выданьняў.
У заяве Белага дома гаворыцца, што артыкулы «не зьяўляюцца праўдзівымі або дакладнымі пераказамі гутаркі паміж прэзыдэнтам і містэрам Коўмі».
Як сьцьвярджае Белы дом, нягледзячы на тое, што Трамп неаднаразова выказваў сваю думку, што Флін — «прыстойны чалавек», ён ніколі не прасіў Коўмі ці каго-небудзь іншага спыніць расьсьледаваньне ў дачыненьні дарадцы ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі.
Трамп нечакана звольніў Коўмі на мінулым тыдні, што стала для многіх шокам і выклікала абвінавачваньні ў тым, што прэзыдэнт такім чынам спрабуе перашкодзіць ходу расьсьледаваньня ФБР аб магчымых сувязях яго перадвыбарчага штабу з Расеяй з мэтай паўплываць на вынікі леташніх прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША.
У артыкуле The New York Times гаворыцца, што справаздача Коўмі зьяўляецца часткай пакінутага дырэктарам ФБР «дакумэнтальнага сьледу» — дакумэнтаў, якія зьяўляюцца сьведчаньнем, як мяркуецца, «непрыстойнага» ціску, які Трамп аказваў на расьсьледаваньне наконт Расеі, якое праводзіцца ФБР.
Раней шэраг амэрыканскіх палітыкаў — і дэмакратаў, і рэспубліканцаў — выказвалі сумнеў у тым, што прычынай адстаўкі Коўмі былі хібы ў расьсьледаваньні супраць Гілары Клінтан ды ейнай дзейнасьці на пасадзе дзяржаўнага сакратара (яе вінавацілі ў небясьпечным выкарыстаньні працоўнай электроннай пошты).
11 траўня ў інтэрвію NBC Трамп заявіў, што ў рашэньні аб звальненьні Коўмі прысутнічаў таксама «расейскі фактар»:
«Абдумваючы далейшыя крокі ў дачыненьні Коўмі, я сказаў сабе, што роля, якую прыпісваюць Расеі ў нашых прэзыдэнцкіх выбарах, — гэта фальшыўка, якую раскручвалі дэмакраты для таго, каб зваліць на кагосьці віну за сваю паразу», — заявіў Трамп.
Афіцыйны прадстаўнік ФБР адмовілася даць падрабязнасьці справаздачы (службовай запіскі) Коўмі пра сустрэчу з Трампам.
Лідэр дэмакратаў у Палаце прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэласі заявіла ў «Твітэры»: «Калі паведамленьні адпавядаюць рэчаіснасьці, спробы Трампа спыніць расьсьледаваньне ў дачыненьні Фліна — гэта парушэньне прынцыпу вяршэнства закону».
Сэнатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм заявіў, што Коўмі павінен даць паказаньні на сэнацкіх слуханьнях з нагоды сваіх гутарак з Трампам пра расьсьледаваньне ў дачыненьні Фліна. На думку сэнатара, у выпадку, калі вэрсія Коўмі пра зьмест сустрэчы з Трампам зьяўляецца дакладнай, для працягу расьсьледаваньня неабходна прызначыць спэцыяльнага пракурора.