Новую ўспышку Эболы пацьвердзіла Сусьветная арганізацыя аховы здароўя

Пацьверджана, што сьмерць аднаго чалавека ў Дэмакратычнай рэспубліцы Конга наступіла ў выніку вірусу Эбола. Мяркуецца, што вірус таксама стаў прычынай сьмерці яшчэ двух чалавек — перадае Al Jazeera.

Міністэрства аховы здароўя Дэмакратычнай Рэспублікі Конга распаўсюдзіла заяву, паводле якой на захворваньне Эболай правяраюцца як мінімум 9 чалавек з правінцыі Бас-Уеле, на поўначы краіны. Усе выпадкі прыпалі на канец красавіка. Цяпер усталёўваюцца ўсе кантакты гэтых людзей і магчымыя спосабы перадачы сьмяротнага вірусу.

Апошняя ўспышка Эболы ў Конга адбылася ў 2014 годзе і забіла 42 чалавекі. Краіна перажыла 9 такіх успышак.

З 2013 году Эбола забіла больш чым 11 300 чалавек. 28 600 былі інфікаваныя вірусам. Большасьць выпадкаў прыходзяцца на Гвінэю, Сьера Леоне і Лібэрыю. Хуткае распаўсюджваньне і сьмяротныя вынікі Эболы сталі прычынай занепакоенасьці ва ўсім сьвеце.

Працы над вакцынай супраць Эболы працягваюцца. Летась выпрабаваньні прататыпу вакцыны супраць Эболы былі названыя «вельмі пасьпяховымі».