У Віцебску прэзэнтавалі праекты пераасэнсаваньня гарадзкой прасторы

Belarus - In Vitsebsk hosted the "Fair of projects", Vitsebsk, 5May2017

У Віцебску прайшоў чарговы «Кірмаш праектаў» — адмысловая публічная прэзэнтацыя культурніцкіх ідэй, прапанаваных аўтарамі і творчымі групамі віцяблянаў.

Перад тым, за паўтара месяца да выніковых прэзэнтацый, быў арганізаваны конкурс праектаў, якія, на думку аўтараў, змогуць падвысіць турыстычны патэнцыял гораду. Аддзелы ідэалёгіі, культуры і па справах моладзі гарвыканкаму сумесна з культурніцкай кампаніяй «Будзьма беларусамі!» абвясьцілі спаборніцтва дзеля таго, каб найлепшыя праекты трапілі ў праграмы гарадзкіх сьвятаў. Або проста дадалі ў жыцьцё Віцебску тое, чаго гораду бракуе.

На думку аўтараў, Віцебску бракуе самых розных рэчаў: літаратурных сустрэч і конкурсаў, навучальных заняткаў па розных відах мастацтва, асьветы ў выглядзе навукова-папулярных лекцый і гэтак далей. Але аўтары шэрагу праектаў вырашылі, што найважнейшая рэч — захаваць віцебскі калярыт, які спалучае і агульнаэўрапэйскія, і ўласныя, непаўторныя рысы.

Каця Дарожка і ня сіні «сіні дом»

І таму праект «Колер 28», прапанаваны студэнткай тэхналягічнага ўнівэрсытэту Кацярынай Дарожкай, выклікаў у прысутных адначасова і вялікі энтузіязм, і прынцыповыя спрэчкі. Справа ў тым, што ў праекце вядзецца пра так званы «сіні дом» — дом № 28 па вуліцы Леніна. Мясцовую славутасьць, якая зьявілася ў Віцебску на пачатку 1970-х і ўразіла віцяблян незвычайным колеравым рашэньнем. Сіні колер гэтаму будынку неабходна вярнуць, лічыць Каця Дарожка:

«Нетрадыцыйная афарбоўка зрабіла будынак ня проста адметным — выраз „сіні дом“ стаў мясцовым тапонімам, увайшоў у гісторыю. Магчыма, паўплывала й тое, што ў нашага славутага земляка Марка Шагала ёсьць карціна „Сіні дом“... Але будынак перафарбавалі. Частка, якая выходзіць на вуліцу Леніна, у розныя пэрыяды была й белай, і бэжавай, і нават ружовай. У апошнія гады „сіні дом“ — а яго й дагэтуль так называюць — пафарбаваны ў безаблічны шэраваты колер. Аднак віцябляне хочуць бачыць яго сінім. Пра гэта сьведчаць і выказваньні на інтэрнэт-форумах, і спроба сабраць подпісы пад пэтыцыяй у 2014 годзе. Але да грамадзкай думкі не прыслухаліся».

Калі «сіні дом» будзе «ў плямачкі». Фрагмэнт праекту «Колер 28»

Зрэшты, Кацярына Дарожка бачыць гэты будынак яшчэ больш незвычайным: паводле яе праекту, «сіні дом» можа стаць ня проста сінім. Дзяўчына прапануе намаляваць на ім плямкі, якія будуць камусьці нагадваць аблокі, а камусьці — усё, на што здольная фантазія:

«Ва ўнівэрсытэце я зрабіла такі праект, дзе „сіні дом“ увасабляе неба з аблокамі. Але як карэнная віцяблянка я буду надзвычай рада і тады, калі будынку ўдасца вярнуць той самы, ранейшы, пазнавальны колер!»

Пераасэнсаваць гарадзкую прастору прапанавала і даўняя актывістка культурніцкай ініцыятывы «Vitebsk4.me» Вольга Бізікава. Яе праект называецца «Я люблю Віцебск!», і гэтая назва раскрывае сутнасьць ідэі: аўтарка прапануе ўсталяваць у некалькіх месцах інсталяцыі з гэтым слоганам:

«Гэта распаўсюджаная практыка — усталёўваць інсталяцыю з сэрцайкам замест слова „люблю“, каб турысты, госьці гораду маглі сфатаграфавацца на памяць. У Віцебску такога няма, хоць у горадзе бывае шмат турыстаў, і мы імкнёмся падвысіць яго турыстычную прыцягальнасьць... Можна зрабіць такія інсталяцыі арыгінальнымі. Напрыклад, там будзе ня „сэрцайка“, а „чорны квадрат“ Малевіча — мастака-супрэматыста, лёс якога быў зьвязаны зь Віцебскам, і гэта агульнавядомы факт. А можна сканструяваць інсталяцыі такім чынам, каб там былі прадугледжаны, прыкладам, лавачкі або нешта яшчэ карыснае».

Вольга Бізікава лічыць, што інсталяцыю трэба рабіць тут — каб фатаграфавацца на фоне Летняга амфітэатру

Вольга Бізікава лічыць, што такіх інсталяцый трэба паставіць некалькі. Напрыклад, там, дзе людзі любяць фатаграфавацца на фоне гарадзкіх краявідаў. Здымкі будуць зьяўляцца ў сацыяльных сетках, і гэта падвысіць папулярнасьць і пазнавальнасьць Віцебску.

Бадай што самым блізкім да ажыцьцяўленьня выглядаў праект «Віцебск: дыялёг стагодзьдзяў» вядомага ў горадзе фотааматара і краязнаўцы Віктара Барысенкава. Ён стварае ўнікальныя фотапраекцыі — «ужыўляе» страчаныя архітэктурныя помнікі ў сучасныя гарадзкія краявіды. Паводле задумы аўтара, было б варта арганізаваць вулічную выставу фотапраекцый, каб «фантомы» зьніклых або зьнішчаных гістарычных пабудоваў ня толькі расказвалі жыхарам і гасьцям пра мінулае Віцебску, але й нагадвалі пра недапушчальнасьць падобных стратаў. Паколькі 20 фотапраекцый ужо падрыхтаваныя для друку, застаецца хіба толькі знайсьці невялікія сродкі і выканаўцу гэтай задачы. І таго, хто вырабіць стэнды або дасьць пакарыстацаца.

Сярод праектаў была і прапанова выдаць новую турыстычную мапу Віцебску. Бо на рэцэпцыях у віцебскіх гатэлях ня знойдзеш мапаў для падарожнікаў, як гэта практыкуецца ў Эўропе. Прагучалі прапанова добраўпарадкаваць лесапаркавую зону «Юрʼева горка» — месца адпачынку гараджан, і нават прапанова размаляваць гарадзкія таксафоны, як гэта зроблена ў бразыльскім горадзе Сан-Паўлу... Але ці будуць гэтыя ідэі падтрыманыя?

Прадстаўнік кампаніі «Будзьма беларусамі» ў Віцебску Ўладзімер Булаўскі мае пэўныя спадзевы. Ён кажа, што на «Кірмашы праектаў» пабывалі прадстаўнікі абласнога і гарадзкога выканкамаў, якія выказалі намер бліжэй пазнаёміцца з праектамі. І, магчыма, прапанаваць некаторым аўтарам дапамогу: камусьці — грашовымі сродкамі, камусьці — кансультацыямі і вырашэньнем арганізацыйных пытаньняў. Таксама спадар Булаўскі падкрэсьлівае, што на працягу апошніх гадоў былі прэцэдэнты, калі мясцовыя ўлады падтрымалі шэраг праектаў. У тым ліку нацыянальна арыентаваных мерапрыемстваў — такіх, як фэст «Барадулінкі», «Сьпеўны сход» і іншыя.