Сябры руху «За свабоду» атрымалі адмову на зварот аб правядзеньні мітынгу «За свабоду і годнае жыцьцё», — паведамляе сайт pyxу.
Слуцкі райвыканкам забараніў мітынг, бо 7 траўня (у дзень, калі мітынг плянаваўся) у гарадзкім парку культуры і адпачынку заплянаваныя канцэрт дзіцячых калектываў і танцавальны маратон «У стылі рэтра». Альтэрнатыўнай пляцоўкі або альтэрнатыўнай даты для мітынгу ў райвыканкаме не прапанавалі.
Абласны каардынатар руху «За свабоду» Віталь Амяльковіч назваў адмову прадказальнай і чаканай, але мяркуе, што нагодай стала не «заплянаванае раптам мерапрыемства», а «боязь уладаў, каб пратэсты ня выліліся на вуліцу».
Заклікаць людзей зьбірацца на несанкцыянаваны ўладамі мітынг заяўнікі не плянуюць, але нагадваюць, што права на свабоду выказваньня сваёй думкі і права на свабоду мірных сходаў гарантаванае Канстытуцыяй, таму случакі могуць гэтым правам карыстацца.
Амяльковіч быў затрыманы ў Слуцку напярэдадні Дня Волі, увечары 24 сакавіка, у яго дома прайшоў ператрус, сканфіскавалі электроніку і плякаты. Актывіста абвінавачвалі ў закліку ў сацсетках да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах. Ні на Дзень Волі, ні ў час пратэстаў недармаедаў у Слуцку не праходзіла масавых акцыяў пратэсту.