Аляксандар Тамковіч распачаў збор сродкаў на энцыкляпэдыю сучасных «зорак» Беларусі

Аляксандар Тамковіч

Журналіст і пісьменьнік Аляксандар Тамковіч пачаў збор сродкаў на Talaka.by на выданьне кнігі «Мазаіка жыцьця», прысьвечаную сучасным беларускім «зоркам», як кажа аўтар.

Кніга была створаная, бо, як гаворыцца ў апісаньні, «у афіцыйных выданьнях адсутнічаюць, пададзеныя тэндэнцыйна альбо ў вельмі скарочаным выглядзе жыцьцяпісы выдатных сучасьнікаў-творцаў».

Кнігу можна папярэдне замовіць за 24 рублі, сярод лотаў у дадатак прапануюцца папярэдняя кніга Тамковіча «Філязофія дабрыні», а таксама згадка на вокладцы.

У ліку герояў «Мазаікі жыцьця» музыкі Зьміцер Вайцюшкевіч, Ігар Варашкевіч, Іван Кірчук, Алег Хаменка, Алесь і Кася Камоцкія; скульптар Генік Лойка; гісторык Натальля Гардзіенка; мастакі Генадзь Драздоў і Алесь Пушкін; пісьменьнікі Барыс Пятровіч і Віктар Марціновіч; паэт Андрэй Хадановіч; кінарэжысэры Андрэй Кудзіненка і Андрэй Курэйчык; культуролягі Юлія Чарняўская і Сяргей Харэўскі; змагаркі за беларускую мову Алена Анісім і Ніна Шыдлоўская ды іншыя. Прадмову да кнігі напісаў праваабаронца Алесь Бяляцкі, які і параіў аўтару назву.

«Звычайна ў энцыкляпэдыях пра чалавека напісана некалькі абзацаў, а тут — споведзі і разгорнутыя нарысы, — піша аўтар пра „Мазаіку жыцьця“. — У кожнай пэрсаналіі — падрабязны аповед пра жыцьцёвы і творчы шлях Асобы. Плюс эксклюзіўныя, незвычайныя фатаздымкі зь сямейных альбомаў, колькасьць іх налічвае сотні».

Тамковіч — аўтар 18 выдадзеных кніг, у тым ліку «Найноўшай гісторыі ў асобах», «Неафіцыйна аб афіцыйных», «Жыцьцё пасьля кратаў» ды іншых, прысьвечаных лёсам сучасьнікаў. Уладальнік прэміі імя Алеся Адамовіча, дыплёму імя Юрыя Захаранкі.