Тэракт у Пецярбургу зьдзейсьнілі экстрэмісты, зьвязаныя з «Аль-Каідай»

Зьвязаная з «Аль-Каідай» экстрэмісцкая групоўка ўзяла на сябе адказнасьць за тэракт у Пецярбургу. Пра гэта паведамляе Група па расьсьледаваньні тэрарыстычнай дзейнасьці са штаб-кватэрай у штаце Мэрылэнд (ЗША) — SITE Intelligence Group.

Паведамляецца таксама, што групоўка палохае новымі тэрактамі.

Тэракт у мэтро Пецярбурга адбыўся 3 красавіка. Яго ахвярамі сталі 16 чалавек, у тым ліку меркаваны выканаўца тэракту Акбаржон Джалілаў.

17 красавіка ФСБ паведаміла аб затрыманьні Аброра Азімава — меркаванага арганізатара тэракту. Па справе аб тэракце быў таксама затрыманы ягоны брат Акрам. Дырэктар ФСБ Аляксандр Бортнікаў заяўляў, што заказчык тэракту выяўлены, дадаўшы, што падрабязнасьці яго ведамства «паведаміць дадаткова».